2014-07-07 12:11:24

Знакі Касцёла ў Беларусі на Святой Зямлі: кропка яшчэ не пастаўлена


RealAudioMP3 Агульнанацыянальная пілігрымка ў Святую Зямлю, якая завяршылася 1 ліпеня 2014 г., стала для католікаў Беларусі важным крокам да ўмацавання веры і набыцця новай надзеі, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мітрапаліт Мінска-Маліёўскі ўзначаліў адну з груп гэтага складанага і вельмі цікавага падарожжа, а таму на свае вочы бачыў усе пачуцці і эмоцыі, якія перажывалі беларускія пілігрымы. У інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё ён падвёў вынікі пілігрымкі. “Мы некалькі разоў збіраліся разам, усе 300 чалавек. Была бачна прысутнасць, было бачна, як гэтыя людзі моляцца. Калі мы прыляцелі назад у Мінск уначы, усе замучаныя, але многія падыходзілі і дзякавалі, бо дакрануліся да крыніцы нашай веры. Мы пабывалі ў тых месцах, дзе нарадзіўся Езус Хрыстус, дзейнічаў, дзе збавіў чалавека. Для нас гэта былі духоўныя рэкалекцыі. Розныя людзі ехалі і былі такія, які доўгі час жылі без касцёльнага шлюбу, падыходзілі да мяне і казалі: “Вось тут на Святой Зямлі мы хочам урэгуляваць свае адносіны, каб жыць з Касцёлам, каб атрымаць гэтае благаслаўленне”. Былі мы і ў Кане Галілейскай, дзе Езус учыніў першы цуд, там таксама адбылося абнаўленне шлюбных абяцанняў. Трэба было бачыць гэтых людзей, там проста не апісаць іх пачуцці. Яны дзякавалі Богу і арганізатарам за такую магчымасць”, - падзяліўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Галоўнай мэтай пілігрымкі было ўсталяванне і асвячэнне на сцяне базылікі Звеставання Маці Божай у Назарэце табліцы з мазаічнай выявай абраза Маці Божай Будслаўскай. Гэтаму акту папярэднічала доўгая падрыхтоўка, арганізатары сутыкнуліся з цяжкасцямі – ад узгаднення, каб размясціць табліцу ў Назарэце, да вырабу самой мазаікі па патрабаваных стандартах. Было вырашана стварыць яе прама на Святой Зямлі, каб не перавозіць на далёкую адлегласць і выканаць у адпаведнасці з мясцовым гарачым кліматам. Але ўсе пытанні былі вырашаны, і ў Назарэце, у год святкавання 400-годдзя прыбыцця Будслаўскага абраза Маці Божай, з’явілася сведчанне аб Каталіцкім Касцёле ў Беларусі – знак веры, знак краіны, знак салідарнасці, растлумачыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

“Я думаю, што гэта павінна быць імкненне кожнана народу. Як яно рэаліцуецца – другое пытанне. Магчыма, дзяржаўныя ўлады робяць гэта на сваім узроўні, бо ёсць дыпламатычныя прадстаўніцтвы, выстаўкі. А мы на сваім узроўні, узроўні рэлігійным, узроўні Касцёла гэта рэалізавалі. Тысячы і тысячы людзей будуць кожны дзень праходзіць каля гэтай мазаікі, а на ёй напісана “Беларусь”, магчыма запытаюцца: “А што гэта за краіна?”. Напісана таксама “Будслаў”, а гэта дзе? Гэта будзе павышаць імідж нашай краіны, імідж Каталіцкага Касцёла, а наш Касцёл будзе станавіцца больш міжнародным, салідарнасць будзе праяўляцца паміж католікамі Беларусі і католікамі іншых краін свету”, - адзначыў іерарх.

У 2011 г. на Святой Зямлі таксама была ўсталявана табліца з малітвай на беларускай мове “Ойча наш” – яна змешчана на сцяне храма “Pater Noster” у Іерусаліме, або як яго яшчэ называюць – “Касцёла Нацый”. Прайшло 3 гады і ў святых для ўсіх хрысціянаў месцах з’явіўся яшчэ адзін беларускі знак. Магчыма, нехта падумаў – у гэтай працы можна ставіць кропку. Але арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч мае намер паставіць коску. “Напэўна, ёсць яшчэ малітва “Magnificat”, гэтыя табліцы ёсць у месцы, дзе жыла св. Альжбэта і дзе Марыя прышла наведаць дом Альжбэты і Захарыі, дзе яна праспявала свой гімн “Magnificat”. І там шмат ёсць такіх табліц. І калі мы ў тым месцы былі, вернікі пыталіся: “А ці з’явіцца тут беларуская табліца?”. Я не хачу гэта рабіць ад імя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кожны біскуп з’яўляецца біскупам сваёй дыяцэзіі, але і адначасова клапаціцца аб Касцёле ў краіне і свеце. Таму гэта пытанне ў свой час я вынесу на паседжанні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, каб такая табліца таксама там была. Потым ёсць таксама гімн “Benedictus” Захарыі. Так што гэтую працу яшчэ можна працягнуць, каб шмат такіх знакаў прысутнасці беларускага Касцёла, беларускага народа і культуры, удзячнасці беларускага народа з’явілася на Святой Зямлі. Я не хачу ставіць кропку”, - прызнаўся Мітрапаліт.

Пытанне гэта арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вынесе на абмеркаванне на бліжэйшых паседжаннях, а пакуль трэба дзякаваць Богу за тое, што мара ўсталявання табліцы здзейснілася. Пілігрымка адбылася і яшчэ доўгі час будзе прыносіць духоўныя плёны.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.