2014-07-06 14:21:53

Папа перад “Анёл Панскі”: найбольш зла прыносіць абыякавасць (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Кожны хрысціянін пакліканы ўзяць на сябе ярмо Хрыста, якое палягае на тым, каб з братняй любоўю ўзяць на сябе цяжар праблем бліжняга. Усё гэта дапамогуць зрабіць лагоднасць і пакора сэрца. Аб гэтым казаў папа Францішак 6 ліпеня 2014 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. “У Евангеллі сённяшняй нядзелі мы знаходзім запрашэнне Езуса: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28). - нагадаў Папа - Калі Езус кажа гэта, мае перад вачыма людзей, якіх сустракае кожны дзень на дарогах Галілеі: шмат простых асоб, бедных, хворых, грэшнікаў, якія знаходзяцца на перыферыі грамадства. Гэтыя людзі заўсёды ішлі за Ім, каб слухаць Яго слова. Слова, якое дае надзею! Словы Езуса заўсёды даюць надзею! А таксама, каб толькі дакрануцца да краю Яго адзення. Сам Езус шукаў гэты натоўп змучаных і пакінутых, як авечкі, якія не маюць пастыра (пар. Мц 9,35-36), каб абвяшчаць Божае Валадарства і лячыць душу і цела. Цяпер Ён настойліва кліча іх усіх да сябе: “Прыйдзіце да Мяне”, і абяцае ім палёгку і суцяшэнне.

Гэта запрашэнне Езуса пашыраецца да нашых дзён, каб дасягнуць вялікай колькасці братоў і сясцёр, прыгнечаных нявызначанымі ўмовамі жыцця, цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі, а часам пазбаўленых моцных кропак апоры. У самых бедных краінах, але і на перыферыі самых багатых краін, ёсць шмат людзей, змучаных і стомленых невыносным прыгнётам пагарды і абыякавасці. Абыякавасць – колькі зла прычыняе патрабуючым чалавечая абыякавасць. І што яшчэ горш – абыякавасць хрысціян! На задворках грамадства знаходзяцца шмат людзей, якія пакутуюць ад галечы, але і ад незадаволенасці жыццём і расчаравання. Многія з іх вымушаны эміграваць з радзімы, рызыкуючы сваім жыццём. Значна больш штодзённа нясе на сабе цяжар эканамічнай сістэмы, якая выкарыстоўвае чалавека, навязвае яму невыноснае “ярмо”, якое многія прывілеяваныя не жадаюць несці. Кожнаму з гэтых сыноў нябеснага Айца Езус кажа: “Прыйдзіце да Мяне ўсе”. Аднак, Ён кажа гэта таксама да тых, хто мае ўсё, але чыё сэрца пустое, без Бога. І да іх Езус накіроўвае гэта запрашэнне: “Прыйдзіце да Мяне ўсе”. Запрашэнне Езуса скіравана да ўсіх, але асабліва для найбольш пакутуючых.

Езус абяцае, што дасць суцяшэнне ўсім, але заахвочвае нас, прамаўляючы нібыта запаведзь: “Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам” (Мц 11, 29). “Ярмо” Пана прадугледжвае прыняцце на сябе з братэрскай любоўю цяжару бліжніх. Атрымаўшы падтрымку і суцяшэнне Хрыста, мы пакліканы са свайго боку стаць падтрымкай і суцяшэннем для братоў праз лагоднае і пакорнае стаўленне да іх, наследуючы Настаўніка. Лагоднасць і пакора сэрца дапамагаюць нам не толькі ўзяць на сябе цяжар іншых, але і не абцяжарваць іх нашымі асабістымі поглядамі, стаўленнем і крытыкай або абыякавасцю.

Будзем заклікаць Дзеву Марыю прыняць пад свой плашч усіх стомленых і спакутаваных, каб мы праз веру, асвечаную і засведчаную ў жыцці, маглі стаць палёгкай для ўсіх тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, пяшчоце і надзеі”, - сказаў Святы Айцец падчас свайго разважання.

Пасля марыйнай малітвы Францішак падзякаваў жыхарам італьянскага рэгіёна Малізэ, дзе ён правёў мінулую суботу, за цёплы прыём, які, паводле прызнання самаго Пантыфіка, ён ніколі не забудзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.