Пантыфік запрасіў моладзь не пераставаць імкнуцца да шчасця
“Культура часовасці
не бярэ пад увагу нашай свабоды, але пазбаўляе нас нашага сапраўднага прызначаэння,
нашых мэтаў, самых сапраўдных і аўтэнтычных. Гэта жыццё фрагментаванае”, - звярнуў
увагу Святы Айцец падчас сустрэчы з моладдзю ў Кастэльпетроза. 5 ліпеня 2014 г. праходзіў
візіт папы Францішка ў італьянскі рэгіён Малізэ. Ён заклікаў маладых людзей нікому
не дазволіць скрасці жаданне будаваць у жыцці рэчы вялікія і трывалыя. “Імкніцеся
да шчасця! Майце мужнасць пераадолець свае абмежаванні і паставіць усё сваё жыццё
на Езуса!”, - сказаў Пантыфік. Ён адзначыў, што ва ўмовах ціску падзей і моды мы не
можам спадзявацца выключна на свае сілы, але павінны ісці разам з Езусам. Францішак
нагадаў, што Бог нястомна даруе нашы грахі, калі мы звяртаемся да Яго з пакорай і
даверам.
Святы Айцец таксама спаслаўся на цяжкасці маладых людзей, якія не
маюць магчымасці вучыцца і працаваць. Ён адзначыў, што не можна згубіць цэлае пакаленне
маладых людзей і заклікаў ствараць новыя працоўныя месцы. Інакш, на думку Францішка,
гэта можа скончыцца катастрофай. Ён запрасіў італьянскую моладзь у абліччы цяжкасцяў
заўсёды звяртацца да Маці Божай.