2014-07-05 12:30:56

Францішак: беспрацоўе – бедства, якое патрабуе намаганняў і мужнасці з боку ўсіх


RealAudioMP3 “Заклікаю ўсіх вас, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, трываць на сваёй дарозе, застаючыся на служэнні Богу, служачы сваім братам і распаўсюджваючы культуру салідарнасці ва ўсім свеце”, - сказаў Пантыфік 5 ліпеня 2014 г. падчас Эўхарыстыі на стадыёне ў Кампабаса, у рамках свайго візіту ў італьянскі рэгіён Малізэ. Ён падкрэсліў, што сёння ад Касцёла чакаюць дапамогі “перад тварам сітуацыі матэрыяльнай і духоўнай беднасці, асабліва ва ўмовах беспрацоўя, бедства, якое патрабуе намаганняў і мужнасці з боку ўсіх”. Папа заклікаў садзейнічаць развіццю культуры салідарнасці, якая з’яўляецца следствам сведчання міласэрнасці і служэння Богу. Ён падкрэсліў неабходнасць забеспячэння працай усіх, хто шукае яе, і падпарадкавання любых дзеянняў павазе да чалавечай годнасці. Пантыфік лічыць, што Касцёл з’яўляецца народам, які адчувае свабоду, якую дае Бог, і жыве ёй. Гэта ў першую чаргу свабода ад граху, эгаізму, свабода даваць сябе іншым з радасцю.

Святы Айцец адзначыў, што заклік да забеспячэння працай тычыцца, у першую чаргу, устаноў свету прадпрымальніцтва і фінансаў. Ён заклікаў да асаблівага клопату пра годнасць чалавечай асобы, якая заўсёды павінна быць у цэнтры ўсіх планаў і дзеянняў. Іншыя інтарэсы маюць другасны характар​​. Францішак адзначыў, што Касцёл, які служыць Богу, спазнае свабоду. “Гэта тая свабода, якую мы адчуваем праз Божую ласку ў хрысціянскай супольнасці, калі мы служым адзін аднаму, без зайздрасці, партыйнасці, пляткарства, служачы адно аднаму. Тады Пан вызваляе нас ад амбіцый і суперніцтва, якія падрываюць адзінства і камунію. Вызваляе нас ад недаверу, смутку, так небяспечнага, таму што вядзе да ўпадку; вызваляе нас ад страху, унутранай пустаты, ізаляцыі, скаргаў, незадаволення”, - сказаў Папа.


Святы Айцец адзначыў, што нават у хрысціянскіх супольнасцях існуюць негатыўныя паставы, але Хрыстус вызваляе нас ад гэтай экзістэнцыяльнай змрочнасці, будучы нашай дапамогай і Збаўцам. Таму вучні Пана, у той час як усё яшчэ слабыя і грэшныя, закліканы жыць сваёй верай радасна і смела, у камуніі з Богам і братамі, каб смела глядзець на нягоды і жыццёвыя цяжкасці.

У рамках свайго візіту ў рэгіён Малізэ Францішак сустрэнецца таксама ў мясцовай катэдры з хворымі, будзе прысутнічаць на абедзе з беднымі. У другой палове дня Папа правядзе спатканне з моладдзю. Адбудзецца яго сустрэча са зняволенымі з акруговага следчага ізалятара ў горадзе Ізэрніі. На заканчэнне візіту Пантыфік спаткаецца з мясцовымі жыхарамі і пілігрымамі і абвесціць Юбілейны год св. папы Цэлестына V.







All the contents on this site are copyrighted ©.