2014-07-05 13:11:28

Будслаўскае пасланне: у Беларусі Бог жыве!


RealAudioMP3 Перад Нацыянальным санктуарыем Алена Любаміраўна Стасюк стаяла моўчкі, склаўшы рукі і босая. Зарабіла мазалі? Стамілася? Не! Яна прыйшла да Будслаўскай святыні пешшу з Мінска, а апошнія 18 кіламетраў з Даўгінава спецыяльна пераадолела без абутку. Ёй 75 гадоў і гэта яе ўжо 13 пілігрымка. “Іду Маці перапрасіць за дзяцей, за ўнукаў, за мір на зямлі. А гэта ўпершыню іду босая ў інтэцыі за пакліканне да святарства. Ніякага стамлення, ніякага, колькі хадзіла ні разу мазалей не зарабіла”, - прызналася жанчына.

4 ліпеня 2014 г. у Будслаў толькі пешшу прыйшлі каля 3 тыс. пілігрымаў, яшчэ некалькі дзесяткаў тысяч прыехалі на роварах, матацыклах, аўтамабілях, аўтобусах. Былі і зусім незвычайныя – на чатырох лапах. Разам з групай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прыйшоў сабака і таксама, як ва ўсіх пілігрымаў, з блакітнай лентай на шыі. Усклаўшыся на прыступкі санктуарыя ён нават лаяў у такт прывітальным спевам.

Кусташ Нацыянальнага санктуарыя а. Віктар Бурлака адзначыў, што ў гэтыя святочныя дні не толькі ўся будслаўская акруга, але ўся прырода нібыта радуецца. “З радасцю вялікай сутракаем пілігрымаў, якія нясуць з сабой малітвы і надзеі ўсяго беларускага народа. Таму што пілігрымкі ў Будслаў паказваюць усім, што тут збіраюцца вернікі з усёй краіны, якія ідуць даверыць сваё жыццё Маці Божай Будслаўскай”, - адзначыў францішканін.

І не толькі з усёй Беларусі, але і вернікі з Польшчы, Літвы, Расіі. Сёлета ўпершыню да беларускай святыні прыйшла арганізаваная пілігрымка з Украіны. Маладыя католікі суседняй краіны, прыйшлі, можна сказаць, па духоўнаму абмену, растлумачыў кіраўнік пілігрымкі а. Цэцыліян Запольскі. “Вось ужо 12 гадоў моладзь з Будслава прыязджае да Маці Божай Бярдычаўскай. І калі мяне перавялі служыць ва Украіну, я спытаўся, хто хоча пайсці ў Будслаў. Адгукнулася пакуль 8 чалавек, бо наш транспарт не мог умясціць болей. Будзе большы транспарт, другі раз прыедзе, спадзяюся, больш”, - паведаміў святар.

Маладыя людзі даўно ведаюць пра абраз Будслаўскай Маці Божай. Яны зусім з розных гарадоў, але прыйшлі з адной мэтай – да апякункі Беларусі маліцца за мір ва Украіне, прызналіся Павел Нэймэць і Яна Шэрмер. “Мы молімся за мір ва Украіне, каб краіна адстаяла сваю незалежнасць і сваю тэрыторыю, молімся за тых, каго ўжо няма з намі, за тых, хто загінуў. Усе ўкраінцы чакаюць змен у лепшы бок. Гэта наша агульная інтэнцыя”, - адзначыў малады чалавек. “На самой справе я ўпэўнена, што гэта святое месца, што сюды трэба ісці і што Маці Божая дапаможа ажыццявіць нашыя мольбы”, - упэўнена дзяўчына.

У гэтым годзе ў пілігрымаў, якія прысутнічалі ў Будславе, была асаблівая магчымаць – пакланіцца Сімвалам сусветных дзён моладзі – крыжу і іконе. Іх на руках у касцёл унеслі ўдзельнікі пілігрымкі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Вечарам пачалася св. Імша для пілігрымаў, якую ўзначаліў Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Перад касцёлам не было куды яблыку ўпасці. Іерарх прывітаў пілігрымаў словамі “У Беларусі Бог жыве!” і шматтысячнае рэха адказала пастыру. Віцебскі ардынарый упэўнены, што пілігрымаў у Будслаў прывяла вера, прыйшоў і той, хто яшчэ шукае шлях да Бога. Але ўсе тут – ужо пераможцы, таму што ў дарозе з імі была Панна Марыя.

Начное набажэнства, якому папярэднічала працэсія з копіяй цудадзейнага абраза, узначаліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі. Ватыканскі іерарх назваў цудам тое, што столькі людзей сабралася ў Будславе і запэўніў, што Папа хацеў бы быць тут і прысутнічае духоўна. Арцыбіскуп звярнуўся да вернікаў словамі св. Яна Паўла ІІ, якія ён прамовіў у пачатку свайго пантыфікату: “Не бойцеся!”. Словы, якія скіраваны Богам да кожнага і да ўсіх. Увесь свет, гледзячы ў вочы беларускага народа, які будзе адчуваць сябе любімым Богам, адчуе, што Бог жыве.

Галоўную св. Імшу 5 ліпеня ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Іерарх назваў урачыстасці ў Будславе святам духоўнасці. Ён расказаў пра тое, што на Святой Зямлі, у Назарэце з’явілася другое ўжо сведчанне аб Каталіцкім Касцёле ў Беларусі – мазаіка з выявай абраза Маці Божай Будслаўскай. Асаблівыя словы – да моладзі, якая складае большую частку пілігрымаў. Сённяшні лёс моладзі вельмі складаны – шмат выклікаў і спакусаў, але ёсць тыя, хто крочыць да Бога. І менавіта яны – надзея Касцёлу і свету.

Пілігрымы прыйшлі ў Будслаў у складаны час гісторыі свету, недзе нават трагічны, маючы на ўвазе канфлікт ва Украіне, але ўсе прыйшлі з надзеяй, што Маці Божая дапаможа сказаць “так” Богу, як зрабіла гэта Яна сама, адзначыў арцыбіскуп. “Калі чалавек адчужае Бога, ён сам займае месца Бога і тады мы маем тое, што маем: канфлікты, дэмаграфічны, экалагічны, сямейны, маральны крызісы. У свеце валадарыць ужо не Богачалавек, Езус Хрыстус, а “чалавекабог”. Імкненне да абсалютнай свабоды вядзе да абсалютнага эгаізму: толькі я існую і больш ніхто. Так не можа быць у свеце. Выпрасі нам, Маці Божая Будслаўская, гэты дар спакою, спакою ўнутранага, духоўнага, дар захаваць каштоўнасць сям’і і жыцця, дапамажы нам, асабліва моладзі, жыць паводле Божага закону. Каб Чалавек сапраўды пісаўся з вялікай літары, бо ён створаны па вобразу Божаму і падабенству”, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кантрусевіч.

Падчас набажэнства вернікі дзякавалі таксама за дар кананізацыі св. Яна Паўла ІІ і ўшанавалі яго рэліквіі. Пілігрымы развітваліся з санктуарыем, але не надоўга, каб сустрэцца тут наступным летам, як гэта адбываецца ўжо больш за 400 гадоў. Як і сотні тысяч пілігрымаў перад імі, яны неслі дадому з Будслава спакой і надзею, якія дала Маці Божая Будслаўская.

Ларыса Абрамчук, Будслаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.