2014-07-04 13:28:52

Святы Пасад на міжнароднай канферэнцыі па туберкулёзу


RealAudioMP3 Прадстаўнік Святога Пасаду выступіў на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай праблемам лячэння туберкулёзу. Арцыбіскуп Зігмунт Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, заклікаў да развіцця глабальнай стратэгіі барацьбы з гэтай хваробай. Форум пад назвай: “На шляху да ліквідацыі туберкулёзу ў краінах з нізкім узроўнем захворвання” праходзіць 4-5 ліпеня 2014 г. у Рыме. Мерапрыемства арганізавана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і Еўрапейскай рэспіраторнай супольнасцю.

Ватыканскі іерарх лічыць, што няма прычын для спынення барацьбы з туберкулёзам, нягледзячы на значныя поспехі апошніх дзесяцігоддзяў. Ён нагадаў, што ў 1995-2012 гадах было выратавана 22 млн. людзей, інфіцыраваных туберкулёзам. Нягледзячы на гэта, паводле ацэнак, толькі ў 2012 г. выпадкаў захворвання было 8,6 млн. і 1,3 млн. асоб памерлі ад гэтай хваробы. Арцыбіскуп Зімоўскі адзначыў, што туберкулёз з’яўляецца захворваннем, якое перадаецца ў першую чаргу бяднейшым і найбольш уразлівым – жанчынам, дзецям і людзям са СНІДам. Менавіта таму існуе патрэба ў глабальнай стратэгіі па барацьбе з гэтай смяротнай хваробай.

Старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя запэўніў, што каталіцкія ўстановы аховы здароўя імкнуцца быць важным партнёрам у прадастаўленні лячэння туберкулёзу для ўсіх, хто мае патрэбу ў дапамозе.







All the contents on this site are copyrighted ©.