2014-07-04 11:27:03

Лагатып Сусветных дзён моладзі 2016 г. – крыж з іскрай Божай міласэрнасці


RealAudioMP3 У Кракаве прайшла прэзентацыя лагатыпа Сусветных дзён моладзі, якія адбудуцца тут у 2016 г. Выбар сімвала моладзевага форуму праходзіў нялёгка. Спачатку было прадстаўлена 224 праекты. З іх адабралі пяць, якія затым былі рэкамендаваны Папскай радзе па справах свецкіх. Аднак, ніводзін з праектаў не быў прыняты. У сувязі з гэтым аргкамітэт даручыў падрыхтоўку лагатыпа незалежным дызайнерам, якія не ўдзельнічалі ў конкурсе. Пераможцай стала Эмілія Пыза, 26-гадовая выпускніца Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Варшаве, якая спецыялізуецца ў галіне графічнага дызайну і выдання кніг. Лагатып Сусветных дзён моладзі ў Кракаве ўяўляе крыж, які сімвалізуе Езуса Хрыста. У сярэдзіне жоўты круг – сімвал Кракава і моладзі. Вакол крыжа бачная іскра Божай міласэрнасці, што з’яўляецца спасылкай на абраз сястры Фаўстыны – Езу, давяраю табе. Лагатып звязаны з біблійным тэкстам, які быў выбраны ў якасці тэмы сустрэчы моладзі: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5, 7).

Паводле ўмоў конкурсу, лагатып павінен быў перадаваць узровень і ідэю Сусветных дзён моладзі, падкрэсліваць іх рэлігійнае вымярэнне і сімволіку, звязаную з Кракавам, яго культурнай і духоўнай спадчынай. Пры выбары канчатковага варыянту лагатыпа былі прыняты пад увагу такія крытэрыі, як: крэатыўнасць, выразнасць, яснасць, прафесіяналізм і зручнасць выкарыстання, бо ён будзе ўжывацца ў рэкламных матэрыялах, падчас прэзентацый, у інтэрнэце і на гаджэтах.

Арцыбіскуп Кракаўскі, кардынал Станіслаў Дзівіш, які быў прысутны на прэзентацыі, прадставіў афіцыйную малітву Сусветных дзён 2016 г. Яна складаецца з трох частак. Першая паходзіць з Акту прысвячэння свету Божай міласэрнасці, які прачытаў Ян Павел II у 2002 г. ў кракаўскай базыліцы Божай Міласэрнасці. Другая частка – гэта просьба аб ласцы быцця міласэрным. Трэцяя – уяўляе сабой літанійны заклік да Панны Марыі і св. Яна Паўла II – апекуна Сусветных дзён моладзі. Малітва была перакладзена на чатыры мовы, і даслана для далейшага перакладу на нацыянальныя мовы біскупскім канферэнцыям па ўсім свеце.

Кардынал Дзівіш паведаміў, што для фінансавання моладзевага форуму ў Польшчы будзе праведзены шэраг нацыянальных акцый па збору сродкаў у яго фонд. Іерарх адзначыў, што асноўным фінансавым прынцыпам будзе – “Касцёл бедны”.

14 і 15 ліпеня 2014 г. аргкамітэт сустрэнецца з прадстаўнікамі Папскай рады па справах свецкіх, якая з’яўляецца галоўным арганізатарам усіх Сусветных дзён моладзі. Цалкам магчыма, што будзе прынята рашэнне адносна гімну кракаўскага форуму. Было прадстаўлена 95 прапаноў, з якіх аргкамітэт абраў 3 варыянты для рэкамендавання ватыканскай дыкастэрыі.

XXXI Сусветныя дні моладзі пройдуць у Кракаве 26-31 ліпеня 2016 г. Папярэднічаць ім будуць так званыя “Дні ў дыяцэзіях”, якія будуць праводзіцца на тэрыторыі ўсёй Польшчы.







All the contents on this site are copyrighted ©.