2014-07-03 12:02:59

Ватыканскі дыпламат правёў сустрэчы на высокім узроўні ў Сербіі


RealAudioMP3 На працягу свайго візіту ў Сербію, які працягваўся некалькі дзён і скончыўся 1 ліпеня, арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, сустрэўся з кіраўніком Сербскай Праваслаўнай Царквы, Патрыярхам Ірынеем, і Прэзідэнтам краіны Таміславам Ніколічам. Найбольш важным вынікам гэтай паездкі было падпісанне пагаднення паміж Святым Пасадам і Сербіяй аб вышэйшай адукацыі.

Падчас сустрэчы з Патрыярхам ватыканскі дыпламат абмеркаваў, у прыватнасці, пытанні, звязаныя з экуменічным дыялогам. Прадстаяцель прадставіў складаную сітуацыю ў Косаве. Арцыбіскуп Мамбэрці, у сваю чаргу, выказаў задавальненне добрымі адносінамі паміж дзвюма Цэрквамі. Яны дамовіліся аб неабходнасці больш частых двухбаковых сустрэч. Канкрэтным плёнам гэтага дыялогу павінна стаць супрацоўніцтва паміж праваслаўным тэалагічным факультэтам у Бялградзе і Папскім Латэранскім універсітэтам.

Сітуацыя ў Косаве таксама была адной з тэм размовы ватыканскага іерарха з Прэзідэнтам Сербіі, які падзякаваў Апостальскай Сталіцы за яе пазіцыю ў дачыненні да прызнання незалежнасці той зямлі, якую сербы лічаць часткай сваёй гістарычнай тэрыторыі. Было ўзнята пытанне аб магчымым візіце Святога Айца ў Сербію. Таміслаў Ніколіч запэўніў, што яго краіна гатова прыняць у сябе Папу, калі толькі такі візіт будзе ўзгоднены з Праваслаўнай Царквой. Размова ішла таксама аб вяртанні касцёльнай уласнасці, забранай камуністычнымі ўладамі Югаславіі. Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава вырашыць гэта пытанне настолькі хутка, наколькі гэта дазваляюць юрыдычныя працэдуры.

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне вышэйшай адукацыі паміж Святым Пасадам і Сербіяй было падпісана 27 чэрвеня 2014 г. у Бялградзе. Яно прадугледжвае, што абодва бакі будуць узаемадзейнічаць у галіне вышэйшай адукацыі і садзейнічаць прамых кантактам паміж установамі такога роду. Апрача таго, за Каталіцкім Касцёлам у Сербіі прызнаецца права ствараць і весці ўласныя вышэйшыя навучальныя ўстановы як для выкладання касцёльных дысцыплін, так і іншых навук.







All the contents on this site are copyrighted ©.