2014-06-30 13:01:51

Папа: выгнанне хрысціян у элегантнай манеры – гэта таксама пераслед


RealAudioMP3 Аб вартасці мучаніцтва і неабходнасці сведчання сваёй веры, нягледзячы на пераслед нагадаў папа Францішак 30 чэрвеня 2014 г. падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі. Нагодай для гэтага стаў літургічны ўспамін Святых Першамучанікаў Рымскага Касцёла, забітых Неронам ля падножжа Ватыканскага пагорка пасля падпалу Рыма ў 64 г. Святы Айцец адзначыў, што ў цяперашні час колькасць пераследаваных хрысціян нашмат большая, чым у першыя стагоддзі Касцёла. Францішак спаслаўся на імшальную малітву, у якой гаворыцца аб тым, што Бог асвяціў крывёй мучанікаў вялікі пачатак Рымскага Касцёла, і адзначыў, што гэтыя асобы нагадваюць вучэнне Хрыста. Ён зацытаваў Евангелле паводле св. Марка: “Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае” (Мк 4, 26-27). Гэтым насеннем ёсьць Божае слова, якое расце і становіцца Божым Валадарствам, становіцца Касцёлам праз “сілу Святога Духа” і “хрысціянскае сведчанне”, адзначыў Пантыфік.

“Мы ведаем, што няма росту без Святога Духа. Ён стварае Касцёл, спрыяе росту Касцёла. Гэта Ён склікае супольнасць Касцёла. Але неабходна таксама сведчанне хрысціян. І калі гэта сведчанне становіцца найбольш поўным, калі гістарычныя абставіны патрабуюць ад нас моцнага сведчання, нараджаюцца мучанікі – найцудоўнейшыя сведкі. Касцёл сілкуюцца крывёй мучанікаў. Гэта прыгажосць мучаніцтва. Яно пачынаецца са сведчання, дзень за днём, і можа завяршыцца як у выпадку Пана Езуса, першага мучаніка, першага сведка, сведка вернага – праліццём крыві”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што ўмовай сведчання з’яўляецца яго “безумоўнасць” і рашучасць. Яно павінна быць выказана той мовай, якой патрабуе Езус: “так, так, не, не”. Адначасова Францішак заўважыў, што апрача мучаніцтва крыві на Блізкім Усходзе і ў многіх іншых рэгіёнах свету, існуе выгнанне хрысціян “у белых пальчатках”, у элегантнай манеры. “Гэта таксама пераслед”, - сказаў Пантыфік і заклікаў памятаць у малітве пра хрысціян, якіх пераследуюць за веру.







All the contents on this site are copyrighted ©.