Ахвяраванні на “Грош св. Пятра” значна ўзраслі з прыходам Францішка
Сума ахвяраванняў,
якія збіраюцца ва ўсім Касцёле 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і
Паўла, і прызначаюцца Пантыфікам для канкрэтных спраў міласэрнасці з прыходам папы
Францішка значна ўзрасла. У 2013 г. яна склала 78 млн. амерыканскіх долараў, што на
12 млн. больш у параўнанні з годам папярэднім. Гэтыя ахвяраванні вядомыя ў Касцёле
пад назвай “Грош св. Пятра”. Інфармацыю агучыў арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут
Святога Пасаду, у інтэрв’ю італьянскай каталіцкай газеце “Avvenire”. Ён звязвае гэта
з так званым “эфектам папы Францішка”, які пастаянна заклікае да салідарнасці з беднымі.
“Грош св. Пятра” быў уведзены ў паўсюдную практыку Касцёла у 1871 г. энцыклікай
папы Пія IX “Saepe Venerabilis”. Гэта добраахвотнае ахвяраванне атрымала шырокае распаўсюджанне
ў XX ст. Яно збіраецца ва ўсім свеце штогод да ўрачыстасці святых апосталаў Пятра
і Паўла.
У сваёй прамове 25 лютага 2006 г. папярэднік Францішка, Бэнэдыкт
XVI падкрэсліў важнасць гэтай ініцыятывы як формы ўдзелу католікаў у дзейнасці Біскупа
Рыма.