2014-06-29 14:15:31

Папа перад “Анёл Панскі”: Божае слова стымулюе нас да пераадолення эгаізму (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Божае слова дапамагае кожнаму пераадолець уласны эгаізім і цалкам змяніць жыццё. Гэта адбудзецца ў выпадку адкрытасці на яго і адмовы ад закасцянелага трывання ў сваіх звычках. На гэта звярнуў увагу Пантыфік 29 чэрвеня 2014 г. падчас разважання перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. Ён папрасіў вернікаў маліцца за новых арцыбіскупаў мітрапалітаў, якім ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла ўручыў паліі. “Са старажытных часоў Касцёл Рыма аддае пашану апосталам Пятру і Паўлу у адным свяце, 29 чэрвеня. - нагадаў Папа - Вера ў Езуса Хрыста зрабіла іх братамі, а праз мучаніцтва яны сталі адным. Пётр і Павел, настолькі розныя з чалавечага пункту гледжання, былі асабіста выбраны Езусам і адказалі на прызначэнне, даючы усё сваё жыццё. У абодвух ласка Хрыста ажыццявіла вялікія справы, пераўтварыла іх. Як гэта адбылося: Сімон адрокся ад Езуса ў драматычны момант мукі; Саўл жорстка пераследаваў хрысціян. Але абодва прынялі Божую любоў і далі пераўтварыць сябе Яго міласэрнасці. Сталі праз гэта сябрамі і апосталамі Хрыста. Таму яны па-ранейшаму звяртаюцца да Касцёла, а таксама працягваюць паказваць нам шлях збаўлення.

Таксама і нас, калі б мы выпадкова трапілі у найцяжэйшыя грахі і ў самую цёмную ноч, Бог заўсёды можа змяніць як змяніў Пятра і Паўла, змяніць наша сэрца, дараваць нам усё, змяніць нашу цемру граху ў світанне. Бог такі: пераўтварае нас, заўсёды даруе, гэтак жа, як Ён зрабіў з Пятром і Паўлам.

Кніга Дзеяў Апосталаў дэманструе шматлікія рысы іх сведчання. Напрыклад, Пётр вучыць нас глядзець вачыма веры да бедных і даць ім самае каштоўнае, што ў нас ёсць – моц імя Езуса Хрыста. Ён зрабіў гэта ў выпадку паралізаванага: даў яму ўсё, што меў – Езуса.

Аб Паўле тры разы распавядаецца падзея яго навяртання на дарозе ў Дамаск, якае з’яўляецца выразным паваротным момантам у яго жыцці, яскрава пазначаючы перад і пасля. Раней Павел быў заклятым ворагам Касцёла. Пасля гэтай падзеі прысвяціў усё сваё жыццё служэнню Евангелля. Таксама і ў нашым выпадку сустрэча са Словам Хрыста можа цалкам змяніць наша жыццё. Не можна слухаць гэта Слова і працягваць заставацца цвёрдым ў сваёй пазіцыі, быць зачыненым у сваіх звычках. Яно стымулюе нас да пераадолення эгаізму ў сэрцах, каб упэўнена пайсці за Настаўнікам, Які аддаў жыццё за сваіх сяброў. Гэта Ён сваім словам змяняе нас, пераўтварае, гэта Ён даруе нам усё, калі адкрыем сэрца і папросім аб прабачэнні.

Дарагія браты і сёстры, гэта свята дае нам вялікую радасць, таму што ставіць нас перад справай Божай міласэрнасці ў сэрцах двух людзей, двух вялікіх грэшнікаў. І Бог таксама хоча напоўніць нас сваёй ласкай, як Ён зрабіў гэта з Пятром і Паўлам. Няхай Дзева Марыя, дапаможа нам прыняць гэту ласку так, як зрабілі гэта яны, з адкрытым сэрцам, не атрымліваючы яе дарэмна! Няхай падтрымлівае нас у часы выпрабаванняў, каб сведчыць пра Езуса Хрыста і Яго Евангелле. Мы просім сёння гэтага асаблівым чынам для арцыбіскупаў, прызначаных на працягу мінулага года, якія сёння раніцай цэлебравалі са мной Эўхарыстыю ў базыліцы св. Пятра. Мы вітаем іх усіх з любоўю, з іх вернікамі і сваякамі, молячыся за іх!”, - закончыў свае разважанні Францішак.

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік прывітаў вернікаў, якія прыбылі ў Рым з розных частак свету. Асаблівыя прывітанні ён даслаў пілігрымам са Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі.







All the contents on this site are copyrighted ©.