Папа да праваслаўных іерархаў: сыходзячы з розных пунктаў гледжання, прыйсці да збліжэння
Каб прыйсці да адзінства,
трэба глядзець адно на аднаго вачыма веры, сказаў Святы Айцец 28 чэрвеня 2014 г. падчас
сустрэчы з дэлегацыяй Канстантынопальскага Патрыярхату. Праваслаўныя іерархі прыбылі
ў Рым для ўдзелу ва ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла. Дэлегацыю ўзначальвае
Мітрапаліт Пергамскі Іаан, які з’яўляецца сустаршынёй Міжнароднай сумеснай камісіі
па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Папа нагадаў
нядаўнія падзеі ў кантэксце ўзаемных адносін, асабліва сустрэчу з Патрыярхам Барталамеем
І у Іерусаліме на святкаванні 50-годдзя гістарычнага спаткання паміж Паўлам VI і Афінагорам.
Пантыфік узгадаў таксама сумесную малітву ў Ватыкане разам з прэзідэнтамі Ізраіля
і Палестыны за мір на Святой Зямлі. Ён адзначыў, што гэтыя падзеі прадэманстравалі
повязь любові ў Хрысце, якая злучае абедзве Цэрквы, і жаданне працягваць падарожжа
да поўных зносін.
Папа падкрэсліў, што гэта адзінства ёсць Божым дарам. Мы
можам карыстацца ім кожны раз, калі глядзім адзін на аднаго вачыма веры, у перспектыве
Божай волі, а не гістарычных наступстваў нашых грахоў. “Калі мы навучымся, пад кіраўніцтвам
Святога Духа, глядзець адзін на аднаго ў Богу, наша дарога будзе яшчэ хутчэйшай і
прасцейшай”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец адзначыў, што гэты падыход сілкуецца
верай, надзеяй і любоўю. Ён можа нарадзіць сапраўдны тэалагічны роздум, які па сутнасці
з’яўляецца пазнаннем Бога, удзелам ў бачанні Богам сябе і нас. Такі роздум, паміма
сыходу з розных пунктаў гледжання, прывядзе да ўзаемнага збліжэння. У гэтым кантэксце
Папа выказаў пажаданне, каб праца Міжнароднай сумеснай камісіі па тэалагічным дыялогу
паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой была выразам тэалогіі, якая “здзяйсняецца
на каленях”. Тады гэта ўжо не будзе навуковая дыскусія, або спрэчка паміж пазіцыямі,
якія не могуць быць узгоднены.
“Мы ўсе патрабуем смелай і ўпэўненай адкрытасці
на Святога Духа, згоды, каб уключыцца ў бачанне Хрыстом Касцёла, Яго Нявесту, на шляху
гэтага духоўнага экуменізму, умацаванага мучаніцтвам шматлікіх нашых братоў, якія,
вызнаючы Пана Езуса Хрыста, рэалізавалі экумэнізм крыві”, - сказаў Папа.
Традыцыйна
дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату прыбывае ў Рым на ўрачыстасць святых апосталаў
Пятра і Паўла.