2014-06-26 13:17:28

Францішак сустрэўся з групай маладых астраномаў


RealAudioMP3 26 чэрвеня 2014 г. папа Францішак сустрэўся з групай маладых астраномаў, якія прымалі ўдзел у сёлетняй летняй школе арганізаванай пры Ватыканскай абсерваторыі. “На працягу амаль цэлага месяца вы былі заняты не толькі вывучэннем галактыкаў, пад кіраўніцтвам экспертаў у гэтай сферы, але таксама дзяліліся вашымі культурнымі і рэлігійнымі традыцыямі, даючы цудоўнае сведчанне дыялога і гарманічнага суіснавання”, - адзначыў Папа. Ён нагадаў пра важнасць сяброўства і пажадаў, каб усе народы мелі магчымасць доступу да навуковай фармацыі і даследванняў. “Жадаю, каб ўсе народы маглі карыстацца плёнамі навукі”, сказаў Пантыфік.

Летняя школа пры Ватыканскай абсерваторыі праводзіцца з 2000 г. Сёлета ў ёй прынялі ўдзел 25 маладых астраномаў з 23 краін. Яны былі абраны амаль з сотні кандыдатаў. Пад кіраўніцтвам высокакваліфіканых экспертаў і выкладчыкаў, на працягу чатырох тыдняў, маладыя даследчыкі прашлі курс пад назвай “Галактыкі блізкія і далёкія, новыя і старажытныя”.

Паводле папы Францішка, летняя школа “стала месцам, у якім моладзь вядзе дыялог, супрацоўнічае і дапамагае адно аднаму ў пошуку праўды, якая канкрэтызуецца, у дадзеным выпадку, у вывучэнні галактык”. “Гэта простая і канкрэтная ініцыятыва паказвае, як навукі могуць быць адпаведнымі і эфектыўнымі прыладамі для спрыяння міру і справядлівасці”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле слоў Папы, Касцёл радуецца навуковаму прагрэсу, які паказвае вялізарны патэнцыял, дадзены Богам чалавечаму розуму, як маці радуецца і ганарыцца, калі яе дзеці ўзрастаюць у “мудрасці, гадах і ласцы”.








All the contents on this site are copyrighted ©.