2014-06-24 12:45:18

Папа: прынізіцца, каб Бог узрастаў у сэрцах і душах іншых


RealAudioMP3 Прыклад св. Яна Хрысціцеля паказвае наколькі важна прынізіцца, каб дазволіць Богу расці ў сэрцах і душах іншых людзей, падкрэсліў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі 24 чэрвеня 2014 г. У сваёй гаміліі ва ўрачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля Пантыфік расказаў вернікам пра тры пакліканні “самага вялікага з прарокаў”, прыклад якога актуальны і сёння для кожнага хрысціяніна. Першае з іх, на думку Святога Айца, заключалася ў падрыхтоўцы прыходу Езуса. Ян рыхтаваў шлях Езусу “не бяручы нічога для сябе”. Людзі яго шукалі, ішлі з ім, а ягоныя словы былі моцнымі і траплялі “у сэрца”. Аднак прарок не паддаўся спакусе адчування ўласнай важнасці, сказаў Святы Айцец. Ён нагадаў, што Ян Хрысціцель лічыў сябе “толькі голасам”, які прыйшоў падрыхтаваць дарогу Пану. Такім было яго першае пакліканне: падрыхтаваць сэрца народа для сустрэчы з Панам, адзначыў Пантыфік.

Але хто такі Пан? І тут, на думку Францішка, адкрываецца другое пакліканне св. Яна – праніклівасць. Ад яго патрабавалася распазнаць Месію сярод усіх добрых людзей, якія да яго прыходзілі. І з дапамогай Святога Духа ён гэта зрабіў.

Трэццім пакліканнем св. Яна Папа назваў прыніжэнне. З моманту аб’яўлення Езуса, ён пачаў прыніжацца, каб ўзрастаў Пан.

Тры пакліканні аднаго чалавека: падрыхтаваць прыход Бога, распазнаць Яго і дазволіць Яму расці, за кошт ўласнага прыніжэння. Таксама і кожны хрысціянін павінен абвяшчаць і рыхтаваць дарогу не сабе, але Пану. Павінен умець адрозніваць праўду ад таго, што ёй не з’яўляецца. Павінен быць здольным прынізіцца, каб Пан рос ў сэрцах і душах іншых, заклікаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.