2014-06-24 14:19:42

Ватыканскі іерарх заклікаў дапамагаць Папе падтрымліваць патрабуючых


RealAudioMP3 Дапамагаць Папе падтрымліваць іншых, - так арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Апостальскай Сталіцы, ахарактарызаваў мэту збору ахвяраванняў, які штогадова праводзіцца ва ўсіх парафіях свету ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла 29 чэрвеня. У інтэрв’ю агенцтву “SIR” высокі ватыканскі іерарх распавёў, што традыцыя збору ахвяраванняў на карысць Намесніка св. Пятра мае свае карані яшчэ ў часах ранняга Касцёла. “Гэта акт любові да Папы і Касцёла. Канешне, існуе шмат дабрачынных ініцыятываў, і мы павінны радавацца гэтаму. Але збор ахвяраванняў на карысць Намесніка св. Пятра вылучаецца тым, што з’яўляецца выразам клопату пра Папу і Касцёл ва усім свеце”, - падкрэсліў арцыбіскуп Бэчу.

Паводле іерарха, гэта традыцыя мае два фундаментальныя элементы: па-першае, яна падкрэслівае паўсюднасць Касцёла, бо ахвяраванні збіраюцца паўсюль – ад вялікіх архікатэдраў да маленькіх перыферыйных парафій, а па-другое – адзінства, таму што нягледзячы на колькасць сабраных грошай, важным з’яўляецца шчыры ўдзел у ініцыятыве.

Арцыбіскуп Бэчу нагадаў пра асаблівы клопат папы Францішка пра бедных, на патрэбы якіх вылучаецца значная частка ахвяраванняў, паступаючых у Ватыкан. Субстытут Апостальскай Сталіцы пажадаў, каб збор ахвяраванняў ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, стаў магчымасцю выказаць сваю блізкасць папе Францішку з боку ўсіх вернікаў і каб ахвяраванне грошай было злучана з малітвай за яго. “Гэта будзе выразам той любові аб якой Святы Айцец не стамляецца прасіць усіх каго сустракае: ніхто не з’яўляецца настолькі бедным, каб не мець магчымасці падарыць яе”, - сказаў арцыбіскуп Бэчу.








All the contents on this site are copyrighted ©.