У Святой Зямлі з’явіцца чарговае сведчанне аб Касцёле ў Беларусі
21 чэрвеня 2014 г.
позна ўвечары самалёт з беларускімі пілігрымамі на борце прызямліцца ў аэрапорце Тель-Авіва.
Пачынаецца Агульнанацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю. Усяго туды адправяцца (а
другая група вылятае ў панядзелак) больш за 300 чалавек з Беларусі – гэта вернікі
з усіх дыяцэзій. Галоўная мэта падарожжа – прысутнасць на ўнікальнай урачыстасці,
асвячэнні табліцы з мазаічнай выявай адной з самых вялікіх святынь Каталіцкага Касцёла
ў Беларусі – Будслаўскага абраза Маці Божай. Адбудзецца гэта ў Назарэце ў санктуарыі
Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёння на сцяне базылікі – цэлая галерэя нацыянальных
абразоў з дзесяткаў краін. Як вядома, праект беларускай мазаікі распрацоўвалі ў Беларусі,
а саму табліцу – памерам 2 метра на 70 сантыметраў – рабіў мясцовы майстар, паведаміў
адказны за арганізацыю Агульнанацыянальнай пілігрымкі на Святую Зямлю кс. Раман Факсінскі.
“Сімвалічна, што ён хрысціянін, які разам з сям’ёй вымушаны быў бегчы з ахопленай
вайной Сірыі, дзе як вядома пакутуюць хрысцяне. Вельмі важна, што мы едзем падтрымаць
хрысціянскую супольнасць Палестыны і Ізраілю, бо пражыванне, пераезд – усё гэта прадастаўляюць
пілігрымам мясцовыя хрысціяне – католікі або праваслаўныя”, - сказаў святар у інтэрв’ю
Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Да асвячэння табліцы пілігрымы пабываюць
у гістарычных месцах, звязаных з нараджэннем, жыццём і смерцю Езуса Хрыста – Бэтлееме,
Назарэце, Іерусаліме. На жаль, акрамя евангельскай рэчаіснасці вернікі дакрануцца
і да адной з галоўных праблем сучаснасці – падзелу народаў і ваеннага канфлікту. Напрыклад,
горад, дзе нарадзіўся Збаўца, знаходзіцца ўжо ў палестынскай аўтаноміі, якую ад Ізраіля
аддзяляе вялікая мураваная сцяна. Тэрыторыя, з якой пачалося хрысціянства, сёння,
па сутнасці, хрысціянскай перастае быць, адзначыў кс. Раман Факсінскі. Беларускія
пілігрымы таксама будуць маліцца за мір, як зрабіў гэта папа Францішак падчас нядаўняга
падарожжа ў Святую зямлю.
“У 2000 годзе, калі пачалі будаваць сцяну паміж
Ізраілем і Палестынай, там было 80% хрысціян і 20% мусульман. А сёння, праз 14 гадоў,
хрысціян засталася толькі 20%. Вельмі радасна, што мы едзем, як быццам, па слядах
папы Францішка, які ў маі наведаў Святую Зямлю. Ён таксама дакрануўся да гэтай сцяны
і зрабіў такі жэст, як каля Сцяны Плача. Пантыфік маліўся, каб людзі жылі ў міры,
каб не было вайны”, - адзначыў арганізатар.
Падрыхтоўка да асвячэння табліцы
была доўгай – яна пачалася яшчэ ў 2013 г. і была прысвечана да 400-годдзя прыбыцця
ў Будслаў абраза Маці Божай. Асвячэнне мазаікі ў Назарэце стане годным завяршэннем
святкавання гэтага юбілея. А сама пілігрымка, лічаць арганізатары, павінна спрыяць
умацаванню веры беларусаў.
“Гэта вельмі важна – акунуцца ў атмасферу, глыбей
падумаць, расплюшчыць вочы і паглядзець на Евангелле. Як кажуць, любая пілігрымка
– гэта пятае Евангелле. Асабліва, калі ты разважаеш над Евангеллем у той прыродзе,
культуры і разам з тымі слядамі, якія засталіся з таго часу”, - падкрэсліў кс. Раман
Факсінскі.
Св. Імша ў базыліцы Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Назарэце,
на якую збяруцца ўсе беларускія пілігрымы, адбудзецца 27 чэрвеня. Пасля чаго мазаіку
з выявай Будслаўскага абраза ўрачыста асвецяць. Так, ужо ў другім горадзе біблійнай
гісторыі з’явіцца сведчанне аб Каталіцкім Касцёле ў Беларусі.