2014-06-20 11:02:43

Папа: жыць верай – значыць насычацца Богам, а не грашыма і хвалой


RealAudioMP3 Хлеб, які па-сапраўднаму насычае дае толькі Бог, адзначыў папа Францішак падчас Эўхарыстыі перад базылікай св. Яна на Латэране 19 чэрвеня 2014 г. Пантыфік узначаліў літургію з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. У сваёй гаміліі ён звярнуўся да фрагмента чытання з кнігі Другазаконня, у якім Майсей прасіў народ не забываць пра 40 гадоў праведзеных у пустыні, пасля зыходу з Егіпта. “Гэта заклік вярнуцца да самага важнага, да досведу поўнай залежнасці ад Бога, калі выжыванне было даверана Яму, каб чалавек зразумеў, што жыве “не адным хлебам ... але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Пана”, - сказаў Папа. Акрамя фізічнага голаду, існуе голад, які не можа быць задаволены звычайным хлебам, лічыць Пантыфік. Неабходны іншы хлеб – хлеб жыцця, любові, вечнасці, які дае Езус у сваім Целе. Цела Хрыста здольнае даць жыццё вечнае, таму што яго сутнасць – гэта Любоў, “даступная кожнаму галоднаму чалавеку і патрабуючаму адраджэння ўласных сілаў”. “Жыць верай азначае насычацца Панам і будаваць уласнае жыццё не на матэрыяльных дабротах, а на рэчаіснасці, якая не гіне: дарах Божых, Ягоным слове і Целе”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак перакананы, што сёння існуюць шматлікія прапановы “ежы”, якая не паходзіць ад Пана і толькі здаецца, што насычае больш: грошы, поспех, славалюбства, ўлада і пыха. “Але ежу, якая насычае па-сапраўднаму нам дае толькі Пан. Яна адрозная ад іншых і магчыма нам падаецца не такой смачнай, як прапануе свет. Тады мы марым пра іншы пасілак, як яўрэі ў пустыні, якія шкадавалі аб мясе і цыбулях, якія елі ў Егіпце, але забывалі пра тое, што спажывалі іх за сталом рабства”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вучыцца адрозніваць хлеб Пана, ад несапраўднага хлеба, які псуе і падманвае, таму што з’яўляецца плёнам эгаізма, самадастатковасці і граху.

Пасля заканчэння св. Імшы Пантыфік на аўтамабіле адправіўся да базылікі Санта Марыя Маджорэ, дзе пачакаў вернікаў, якія прайшлі да яе ў пешай эўхарыстычнай працэсіі, і ўдзяліў ім благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.