2014-06-20 14:34:07

Пантыфік: рэлігійная свабода – гэта свабода жыць паводле каштоўнасцяў


RealAudioMP3 Рэлігійная свабода тычыцца не толькі свабоды думкі ці культу. Гэта свабода жыцця паводле этычных прынцыпаў, адпавядаючых знойдзенай праўдзе, як прыватна так і публічна, адзначыў папа Францішак 20 чэрвеня 2014 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі Міжнароднай канферэнцыі на тэму рэлігійнай свабоды, якая праходзіла па ініцыятыве рымскага ўніверсітэта “LUMSA”. Звяртаючыся да сваіх гасцей, Святы Айцец, нагадаў, што шукаючы праўду пра ўласнае паходжанне і лёс, у розуме і сэрцы чалавека паўстаюць пытанні і думкі, якія не могуць заглушацца ці вуаліравацца, бо паходзяць з глыбіні і з’яўляюцца ўласцівымі ўнутранай прыродзе асобы. “Гэта рэлігійныя пытанні, якія патрабуюць рэлігійнай свабоды, каб цалкам праявіцца. Яны спрабуюць праліць святло на сапраўднае значэнне існавання, сувязі паміж космасам і гісторыяй і імкнуцца адарваць ад той цемры, якая акружае жыццё чалавека, калі гэтыя пытанні не ставяцца ці застаюцца без адказаў”, - сказаў Папа.

Рэлігійная свабода – гэта фундаментальнае права, якое адлюстроўвае самую высокую годнасць розума – здольнасць шукаць праўду і далучацца да яе, лічыць Папа. У рэлігійнай свабодзе, на яго думку, схавана неад’емная ўмова для рэалізацыі ўсяго патэнцыялу чалавечага розуму. Акрамя таго, яна тычыцца свабоды жыцця паводле каштоўнасцяў, якія адпавядаюць адкрытай розумам праўдзе. “Гэта вялікі выклік для глабалізаванага свету, дзе слабое мысленне – якое нагадвае хваробу – прыніжае таксама агульны этычны ўзровень і ў імя фальшывага разумення талерантнасці, прыводзіць да пераследу тых, хто бароніць праўду аб чалавеку і яе этычных наступствах”, - сказаў Папа.

Францішак з вялікім болем адзначыў, што хрысціяне перажываюць сёння самую вялікую колькасць дыскрымінацый у свеце. “Пераслед хрысціян сёння, нават большы чым у першыя стагоддзі Касцёла, і мучанікаў сёння больш, чым у тую эпоху. Гэта адбываецца праз больш чым 1700 гадоў пасля эдыкта Канстантына, які абвясціў для хрысціян свабоду публічнага вызнання веру”, - падкрэсліў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.