2014-06-18 11:48:19

Прадстаўнік Святога Пасаду: візіт Папы ў Албанію – “сігнал” цяперашняга пантыфікату


RealAudioMP3 Рашэнне папы Францішка абраць Албанію ў якасці мэты першага еўрапейскага падарожжа з’яўляецца сігналам, які характарызуе цяперашні пантыфікат, лічыць кс. Фэдэрыка Ламбардзі, афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду. Гэта, на яго думку, параўнальна з першым візітам Пантыфіка на італьянскі востаў Лампедуза. Францішак накіруецца ў сталіцу Албаніі Тырану 21 верасня 2014 г. Матывам свайго першага “еўрапейскага” візіту Папа назваў доўгі пераслед Касцёла ў гэтай краіне. Балканская дзяржава мае вельмі доўгую гісторыю пакутаў, якія сталі “вынікам ідэалогій мінулага”, заявіў сам Францішак 15 чэрвеня 2014 г. падчас сустрэчы з вернікамі на плошчы св. Пятра. Ён прызнаўся, што з задавальненнем прыняў запрашэнне біскупаў і дзяржаўнага кіраўніцтва.

Дакладная праграма аднадзённага візіту пакуль афіцыйна не агучана. Гэта будзе чацвёртае замежнае падарожжа папы Францішка.

Албанія пад кіраўніцтвам прэзідэнта Энвера Ходжы абвясціла сябе ў 1960-х гадах “першай атэістычнай дзяржавай у свеце”. Рэлігіі, і асабліва Каталіцкі Касцёл, спазналі ў камуністычную эпоху беспрэцэдэнтныя ганенні. Сёння з прыкладна 3 млн. чалавек, шостая частка лічаць сябе католікамі. Большасць албанцаў мусульмане, каля 20% з’яўляюцца праваслаўнымі.







All the contents on this site are copyrighted ©.