Папа Францішак нагадаў,
што 20 чэрвеня 2014 г. будзе адзначацца Сусветны дзень бежанца, які міжнародная супольнасць
прысвяціла людзям, вымушаным пакінуць родную зямлю і ўцякаць ад канфліктаў і пераследаў.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 18 чэрвеня 2014 г. Пантыфік нагадаў,
што колькасць бежанцаў у свеце расце, “і ў гэтыя апошнія дні, наступныя тысячы людзей
былі вымушаны пакінуць свае дамы для выратавання”. Папа звярнуў увагу на тое, што
мільёны сем’яў бежанцаў розных веравызнанняў знаходзяцца ў многіх краінах свету, перажываюць
драматычныя гісторыі і маюць раны, якія складана будзе залячыць. “Станем для іх блізкімі,
падзяляючы іх страх і няўпэўненасць у будучыні і канкрэтным чынам аблегчым іх пакуты.
Няхай Пан падтрымлівае асоб і структуры, якія з шчодрасцю працуюць, гарантуючы бежанцам
гасціннасць і годнасць, даючы ім нагоды для надзеі”, - заклікаў Францішак.