2014-06-18 13:24:29

Апублікавана афіцыйная праграма візіту Пантыфіка ў Карэю


RealAudioMP3 18 чэрвеня 2014 г. была апублікавана афіцыйная праграма візіту папы Францішка ў Карэю. Ён пройдзе з 13 па 18 жніўня 2014 г. Галоўнымі мэтамі пілігрымкі з’яўляецца ўдзел Папы ва ўрачыстасцях Дзён азіяцкай моладзі і беатыфікацыі групы карэйскіх мучанікаў. У дзень прылёту Пантыфіка ў Сеул не запланавана ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў. Цырымонія прывітання пройдзе на другі дзень, 14 жніўня, у сеульскай рэзідэнцыі Прэзідэнта Паўднёвай Карэі. Там адбудзецца і сустрэча Францішка з кіраўніцтвам дзяржавы і палітыкамі. Вечарам у штаб-кватэры Канферэнцыі Біскупаў адбудзецца спатканне Папы з карэйскім епіскапатам. На наступны дзень, 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця, ён правядзе св. Імшу на стадыёне ў Тэджон, пабудаваным да Чэмпіянату свету па футболе ў 2002 г., а ў мясцовай семінарыі паабедае з прадстаўнікамі моладзі. Вечарам Францішак сустрэнецца з маладымі католікамі ў марыйным санктуарыі ў Сальмэ ў рамках Дзён азіяцкай моладзі.

У суботу 16 жніўня на плошчы Кванхвамун у Сеуле Папа ўзначаліць урачыстасці беатыфікацыі Паўла Юн Джы-Чунга і 123 яго паплечнікаў, мучанікаў XVIII і XIX ст. У другой палове дня ён наведае дом для інвалідаў і бяздомных у Ккотангнэ. Там таксама пройдзе спатканне Святога Айца з прадстаўнікамі манаскіх супольнасцяў, а затым з лідэрамі каталіцкіх рухаў свецкіх вернікаў.

17 жніўня ў санктуарыі ў Хаэмі Пантыфіка будуць чакаць біскупы азіяцкага рэгіёну. Спачатку адбудзецца іх сустрэча, а затым супольны абед. Там жа ў другой палове нядзелі пройдзе ўрачыстая св. Імша на завяршэнне Дзён азіяцкай моладзі.

18 жніўня, перад вылетам у Рым, Францішак спачатку сустрэнецца з прадстаўнікамі рэлігій, а затым узначаліць у сеульскай катэдры ўрачыстую св. Імшу за мір і паяднанне.







All the contents on this site are copyrighted ©.