2014-06-17 15:30:48

Францішак: суддзя – гэта мадэль бездакорнай маралі для ўсяго грамадства


RealAudioMP3 Папа Францішак сустрэўся 17 лістапада 2014 г. з членамі Вышэйшай судовай рады Італіі. Ён заклікаў італьянскіх суддзяў да свабоды ад асабістых поглядаў і ідэалагічных перакананняў падчас выдавання прысудаў. У сваёй прамове Святы Айцец засяродзіўся на этычным аспекце іх працы. Ён адзначыў, што закон прадугледжвае абарону свабоды і незалежнасці суддзяў. Незалежнасць судовай сістэмы і аб’ектыўны характар выдадзенага прысуду патрабуюць ўважлівага і руплівага прымянення дзеючага заканадаўства. “Прававая пэўнасць і баланс паміж рознымі органамі ўлады дэмакратычнага грамадства знаходзяць свой сінтэз у законнасці, у імя якой дзейнічае судовая сістэма”, - сказаў Францішак.

Ад суддзі залежаць рашэнні, якія закранаюць не толькі правы або статус уласнасці грамадзян, але тычацца ўсяго жыцця чалавека. Таму сярод інтэлектуальных, псіхалагічных і маральных асаблівасцяў працы суддзі дамінуе цнота разважлівасці, неабходная для адшукання балансу паміж правам і існуючымі фактамі. У большай меры яе будзе мець той, у каго высокі ўзровень ўнутранай раўнавагі, здольнай пераадолець тэндэнцыі ўласнага характару, асабістых поглядаў і ідэалагічных перакананняў, лічыць Святы Айцец.

Францішак заклікаў суддзяў, быць для ўсяго грамадства “мадэллю бездакорнай маралі”. Ён спаслаўся на прыклад двух суддзяў: Віторыа Бакэлета, намесніка старшыні Вышэйшай судовай рады ў 1970-х гадах, забітага тэрарыстамі Чырвоных брыгад, і Разарыё Лавітана, забітага мафіяй, чый беатыфікацыйны працэс трывае ў гэты час. “Яны далі цудоўнае сведчанне стылю, адпаведнага свецкаму хрысціяніну: лаяльнага адносна дзяржаўных інстытутаў, адкрытага для дыялогу, рашучага і адважнага ў абароне справядлівасці і чалавечай годнасці”, - сказаў Папа.

Члены Вышэйшай судовай рады павінны былі наведаць папу Францішка 9 чэрвеня 2014 г., але аўдыенцыя была адменена ў сувязі з прастудай Святога Айца, за што ён прынёс прабачэнні ў самым пачатку сённяшняга спаткання.







All the contents on this site are copyrighted ©.