Святы Айцец заклікаў маліцца за навяртанне карупцыянераў
“Карупцыянер выклікае
гнеў Бога і абражае народ Божы”, - падкрэсліў папа Францішак 17 чэрвеня 2014 г. падчас
ранішняй св. Імшы. Ён звярнуўся да гісторыі біблійнага Набота, які стаў ахвярай караля
Ахаба і заявіў, што для карупцыянераў ёсць толькі адно выйсце “прасіць прабачэння”,
у адваротным выпадку прыйдзецца сутыкнуцца з Божым гневам. Калі хтосьці ўваходзіць
на “шлях карупцыі” – адбірае жыццё ў іншай асобы, узурпуе яго і прадае. Чалавек становіцца
для яго таварам. Папа паўтарыў сваю думку з учарашняй гаміліі, што за карупцыю багатых
заўсёды расплочваюцца бедныя. Бог ясна кажа, што ён зробіць з карупцыянерам у сваіх
словах да Ахаба: “Я спашлю на цябе няшчасце і выпалю за табою, і вынішчу ў доме Ахаба
кожнага хлопца, і зняволенага, і вольнага ў Ізраэлі”. Пантыфік з жалем адзначыў, што
карупцыянер не толькі крадзе, але і выкарыстоўвае нявінных, тых, хто не можа абараніць
сябе. І робіць гэта ў “белых пальчатках”, на адлегласці, не брудзячы ўласных рук.
Але выйсце для карумпаванага чалавека ёсць, падкрэсліў Папа і працытаваў фрагмент
з Першай кнігі Валадарстваў: “Калі Ахаб пачуў усе гэтыя словы, разарваў шаты свае
і надзеў на сваё цела мяшок, і пасціў, і спаў у мяшку, і хадзіў у смутку”. Ён пакаяўся.
Гэта, дадаў Пантыфік, паратунак для карупцыянераў, для карумпаваных палітыкаў, бізнесменаў
і духавенства – прасіць прабачэння.
Францішак заклікаў вернікаў прасіць прабачэння
за карумпаваных хрысціян, маліцца за іх, каб Бог даў ім ласку пакаяцца, каб яны не
памерлі “з карумпаваным сэрцам”. “Асудзіць карупцыянераў – так”, - сказаў Папа, але
і маліцца за іх навяртанне.