2014-06-17 11:02:42

Пантыфік: мы жывём у “грамадстве сірот”


RealAudioMP3 Пантыфік звярнуў увагу на лёс дзяцей, якія пры жывых бацьках асуджаны на сіроцтва. Яны пазбаўлены не толькі ўвагі, але і аўтарытэтаў, ідэалаў, надзеі. Мы жывём у “грамадстве сірот”, адзначыў Папа 16 чэрвеня 2014 г. у Ватыкане падчас аўдыенцыі для некалькіх тысяч удзельнікаў душпастырскай сустрэчы Рымскай дыяцэзіі. Сённяшнія мамы і таты лічаць стратай часу шпацыр са сваімі дзецьмі, дадаў ён і заклікаў да “пачуцця бескарыслівасці” у сем’ях, парафіях і грамадстве ў цэлым. Францішак назваў сіротамі таксама 75 млн. маладых беспрацоўных у Еўропе – ахвяр сучаснай культуры. У гэтай сітуацыі Касцёл павінен заставацца Маці, а не быць нейкай добра арганізаванай пазаўрадавай арганізацыяй. Касцёл, калі не з’яўляецца Маці, становіцца “старой дзевай”, выкарыстаў востры выраз Святы Айцец. Таму яму патрэбна “амаладжэнне”. І гаворка не ідзе пра нейкія “касметычныя працэдуры”. “Касцёл стане маладым, калі будзе мець здольнасць нараджаць больш дзяцей”, - сказаў Папа. Ён з жалем адзначыў, што для многіх католікаў Касцёл перастаў быць Маці; яны сталі проста “заўзятарамі каталіцкасці”, а не часткай Божага народу.

Пантыфік звярнуў увагу на працу парафіяльных святароў і падкрэсліў, што яна павінна адзначацца пяшчотай і цяплом да вернікаў, ня гледзячы на частую стомленасць душпастыраў. На думку Францішка, Касцёлу патрэбна пераасэнсаванне парафіяльнай працы. Трэба паставіць сабе пытанні: ці нашы супольнасці дастаткова “гасцінныя” і адкрытыя для моладзі, ці выкарыстоўваюць у сваёй працы спорт, новыя тэхналогіі, сучасныя магчымасці абвяшчэння Евангелля. “Мы павінны стаць смялей у пошуку новых шляхоў”, - лічыць Пантыфік. Ён падзякаваў парафіяльным святарам за іх працу – яны часта “спяць з тэлефонам на тумбачцы і ўстаюць у любы час, каб наведаць хворага”. Гэтыя душпастыры дапамагаюць будаваць Касцёл, “які верыць, што Пан здольны ўчыніць яго Маці”, адзначыў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.