2014-06-14 15:42:08

Папа на Сусветны дзень місій: дзяліцца радасцю Евангелля


RealAudioMP3 Сусветны дзень місій – гэта прывілеяваная нагода для таго, каб вернікі на розных кантынентах праз малітву і канкрэтныя жэсты праявілі салідарнасць з маладымі каталіцкімі супольнасцямі на місійных тэрыторыях. Пра гэта гаворыцца ў пасланні папы Францішка на Сусветны дзень місій, які будзе адзначацца 19 кастрычніка 2014 г. Пантыфік падкрэсліў, што адным з фундаментальных элементаў місійнага досведу з’яўляецца радасць. Сам Езус жадаў, каб вучні сталі ўдзельнікамі Яго радасці – адрознай і вышэйшай за тую, якую яны мелі раней, нагадаў Папа. Францішак адзначыў, што пагрозай для сучаснага свету з’яўляецца індывідуалістычны смутак, які нараджаецца ў сэрцы, схільным да камфорту і горычы. Ён існуе ад хворага пошуку павярхоўных задавальненняў, ізаляванага сумлення. Таму сёння чалавецтва мае вялікую патрэбу ў сустрэчы са збаўленнем, прынесеным Хрыстом. Ад гэтай сустрэчы і дзялення з беднымі нараджаецца радасць Евангелля, перакананы Папа.

“Заклікаю, асабліва парафіяльныя супольнасці, асацыяцыі і групы жыць братэрскім жыццём, заснаваным на любові Езуса і ўвазе да патрэб самых няшчасных”, - падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што такое жыццё будзе спрыяць, між іншым, моцным пакліканням да святарства і манаства. Папа адзначыў таксама важную ролю свецкіх вернікаў у місійнай дзейнасці Касцёла і пажадаў паглыблення іх падрыхтоўкі да апостальскага жыцця. “Бог любіць тых, хто дорыць радасць”, - напісаў Пантыфік і падкрэсліў важнасць эканамічнай падтрымкі місійнай дзейнасці Касцёла.

Звяртаючыся да мясцовых каталіцкіх супольнасцяў, Францішак заклікаў “не дазволіць скрасці ў сябе радасці евангелізацыі”, а трываць у ёй, падтрымліваючы блізкія адносіны з Богам, дзелячыся верай, надзеяй і евангельскай любоўю.








All the contents on this site are copyrighted ©.