2014-06-11 12:11:08

Той, хто не мае боязі Божай – ніколі не будзе шчаслівым


RealAudioMP3 Вытворцамі і гандлярамі смерці, назваў папа Францішак тых, хто вырабляе і распаўсюджвае зброю, каб распальваць войны. Яны, а таксама карумпаваныя палітыкі, і тыя, хто жыве за кошт гандлю людзьмі або рабскай працы не маюць дару боязі Божай і ніколі не будуць шчаслівымі, перакананы Пантыфік. Менавіта боязі Божай, апошняму з дароў Святога Духа, прысвяціў сваю катэхезу Папа падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 11 чэрвеня 2014 г. Дар боязі Божай не азначае страху перад Богам. Гаворка ідзе пра дар, з дапамогай якога Дух нагадвае нам пра нашу маласць перад Яго абліччам і Яго любоўю, а таксама пра тое, што наша дабро заключаецца ў адданні ў рукі Бога з пакорай, павагай і даверам. Калі Святы Дух селіцца ў сэрцы чалавека – вылівае на яго суцяшэнне і мір, дазваляе адчуць яго такім, якім ён ёсць – гэта значыць, малым, як дзіцё перад сваім бацькам, падкрэсліў Пантыфік.

“У гэтым сэнсе мы добра разумеем, як Святы Дух набывае ў нас форму паслухмянасці, падзякі і праслаўлення, напаўняючы наша сэрца надзеяй. Сапраўды, часта ў нас не атрымліваецца зразумець Божы план, і мы пераконваемся, што самі не здольныя забяспечыць сябе шчасцем і вечным жыццём. І менавіта ў досведзе нашых абмежаванняў і беднасці, Дух нас суцяшае і дазваляе зразумець: адзінае, што важна – гэта дазволіць Езусу весці нас ў абдымкі нашага Айца”, - сказаў Папа.

Дар боязі Божай, на думку Францішка, дапамагае зразумець, што ўсё паходзіць праз ласку, а сапраўднай сілай вернікаў з’яўляецца наследаванне Езуса і адкрытасць на дабрыню і міласэрнасць Бога. Паводле Францішка, калі вернікі прасякаюцца Святым Духам, пачынаюць ісці за Панам з пакорай, паслухмянасцю і радасцю.

“Боязь Божая не робіць з нас цёплых, падпарадкаваных хрысціян, але нараджае ў нас адвагу і сілу! Гэты дар робіць з нас хрысціян перакананых, напоўненых энтузіязмам, такіх, якія застаюцца пакорнымі не са страху, але таму што ўражаныя і заваяваныя Яго любоўю. Быць заваяваным любоўю Бога – гэта цудоўна!”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што дар боязі Божай адначасова з’яўляецца “сігналам трывогі” перад грахом. “Калі чалавек жыве кепска, калі абражае Бога, выкарыстоўвае іншых, тыранізуе іх, калі жыве толькі дзеля грошай, ці дзеля славалюбства, улады або пыхі, тады святая боязь Божая папярэжвае яго – увага! З усёй уладай, усімі грашыма, пыхай, славалюбствам не будзеш шчаслівы. Ніхто не зможа забраць на той свет ні грошы, ні ўладу, ні слабалюбства, ні пыху – нічога! Мы зможам забраць толькі любоў, якую Бог Айцец дае нам, Божую пяшчоту, прынятую намі з любоўю. Мы зможам забраць тое, што зрабілі іншым. Будзьце ўважлівымі! Не пакладайце надзеі ў грошах, пысе, уладзе, славалюбстве. Гэта вам не абяцае нічога!”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што карумпаваныя палітыкі, тыя, хто жыве за кошт гандлю людзьмі ці нявольніцкай працы, хто вырабляе зброю, каб распальваць войны – не слухаюць Божага слова, не маюць боязі Божай і ніколі не будуць шчаслівымі. Папа заклікаў прасіць Бога, каб дапамог гэтым людзям зразумець, што аднойчы іх жыццё закончыцца і яны павінны будуць за ўсё адказаць перад Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.