“100 пытанняў – 100 адказаў”. Як можна патрапіць у Ватыканскую бібліятэку?
Адным з самых цікавых
і таямнічых месцаў у Ватыкане з’яўляецца Апостальская бібліятэка. Яна была заснавана
па ініцыятыве папаў Мікалая V і Сікста IV у другой палове XV ст. і на сённяшні дзень
тут захоўваецца больш за 1,5 млн. старажытных і сучасных кніг, больш за 8 тыс. інкунабулаў
– кніг выдадзеных у першыя дзесяцігоддзі пасля з’яўлення друкавальнага станку – сярод
якіх каля 65 пергаментных. Акрамя таго, тут захоўваюцца каля 150 тыс. манускрыптаў,
каля 300 тыс. манет і медалёў і каля 20 тыс. твораў мастацтва. Канешне, такое багацце
прываблівае цікаваць даследчыкаў і навукоўцаў з усяго свету і многія жадаюць патрапіць
у Ватыканскую бібліятэку, каб рабіць чарговыя адкрыцці ці проста з цікаўнасці пагартаць
старажытныя фаліянты, здуваючы пыл з пакрытых цудоўнымі роспісамі вокладак. У сувязі
з гэтым узнікае пытанне – як магчыма атрымаць дазвол на працу ў Ватыканскай бібліятэцы
і ці ўвогуле магчыма гэта для чалавека “з вуліцы”?
У правілах карыстання Ватыканскай
бібліятэкай гаворыцца, што наведванне гэтай установы дазволена кваліфікаваным даследчыкам
і навукоўцам, незалежна ад іх расы, веравызнання, паходжання і культуры. У першую
чаргу, гэта тычыцца ўніверсітэцкіх выкладчыкаў ці проста людзей “вядомых сваёй эрудыцыяй
або навуковымі публікацыямі”.
Кваліфікаваныя даследчыкі, навукоўцы ці эрудыты
для карыстання Ватыканскай бібліятэкай павінны валодаць “належнай падрыхтоўкай, дакументаванай
і гарантаванай прызнанымі акадэмічнымі інстытутамі”. Гэта значыць, што асоба, якая
жадае патрапіць сюды, павінна ўмець карыстацца старажытнымі і каштоўнейшымі кнігамі
і манускрыптамі. Вядома, што кожны неакуратны дотык можа прынесці старажытным дакументам
непапраўную шкоду. Неабходнасць знаёмства з тым ці іншым дакументам павінна быць глыбока
абгрунтавана і ўзважана.
Асоба, якая жадае наведаць Ватыканскую біблітэку,
павінна ўказаць тэму свайго даследвання і яго кароткае апісанне. Гэта робіцца для
таго, каб загадзя ведаць, якія дакументы спатрэбяцца чытачу і дарэмна “не турбаваць”
старажытныя фаліянты.
Менавіта дзеля захавання матэрыялаў Ватыканскай апостальскай
бібліятэкі з 2010 г. праводзіцца іх “алічбоўка”. Спецыяльна для гэтай мэты быў створаны
фонд “Digita Vaticana”, які шукае спонсараў і партнёраў для старэння электронных копій
бібліятэчных скарбаў. Адным з іх стала японская карпарацыя “NTT Data”, якая прадстаўляе
паслугі ў сферы высокіх тэхналогій. Першыя алічбаваныя гэтай кампаніяй старажытныя
манускрыпты ўжо сёння “выкладзены” у інтэрнэт. Калі працэс “алічбоўкі” закончыцца,
карыстанне каштоўнымі дакументамі нашмат спросціцца і для гэтага не будзе патрэбы
адпраўляцца ў Ватыкан. Але да гэтага моманту яшчэ вельмі далёка, бо сканаванне старажытных
фаліянтаў – складаны і доўгі працэс.
Што тычыцца доступу студэнтаў да працы
ў Ватыканскай бібліятэцы, то ён не практыкуецца. Выключэнні робяцца толькі для аспірантаў,
які рыхтуюцца да абароны сваёй дысертацыі ці студэнтаў-дыпломнікаў, якім неабходна
звярнуцца да манускрыптаў ці іншых матэрыялаў, якія захоўваюцца толькі тут і больш
ні ў якім іншым месцы. Каб атрымаць такі доступ, неабходна прадставіць у адміністрацыю
Ватыканскай бібліятэкі рэкамендацыю і просьбу ад сваёй навучальнай установы. У ёй
павінна быць глыбока абгрунтавана, чаму з’явілася патрэба ў звароце да каштоўных дакументаў.
Бібліятэка пакідае за сабой права пераканацца ў тым, ці наведвальнік валодае неабходнымі
здольнасцямі і кампетэнцыяй у карыстанні каштоўнымі матэрыяламі. Нягледзячы на гэта,
шанец патрапіць у гэта таямнічае і сакральнае для даследчыкаў і кнігалюбаў месца ёсць.
Канешне,
так было не заўсёды – калісьці ўвайсці ў Ватыканскую бібліятэку было амаль немагчыма,
бо яна была “папскай” у прамым значэнні гэтага слова. Адкрытай для публікі яе зрабіў
папа Леў ХIII у 1892 г. Гэты Пантыфік быў адным з першых, хто пачаў шырока адкрываць
Касцёл свету і дзяліцца з ім не толькі духоўным багаццем, але таксама і культурнай
спадчынай.
Трэба адзначыць, што напрыканцы ХIХ ст. Ватыканская бібліятэка
не была прыстасавана для прыняцця наведавальнікаў. Было неабходна каталагізаваць і
сістэматызаваць мільёны дакументаў. Менавіта гэтай працай заняўся прызначаны ў 1895
г. прэфектам Апостальскай бібліятэкі нямецкі езуіт Францыскус Ірлі. З нямецкай педантычнасцю
і дакладнасцю ён на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў прыводзіў бібліятэчную картатэку
ў парадак. Дзякуючы яго вялікай працы, супрацоўнікі бібліятэкі да сённяшняга дня маюць
магчымасць з лёгкасцю знаходзіць неабходныя даследчыкам кнігі і дакументы. Сёння створаны
таксама электронны каталог, з якім можна пазнаёміцца на сайце Ватыканскай Апостальскай
бібліятэкі www.vatlib.it
Пасля атрымання дазволу на карыстанне бібліятэкай
чытачу ўручаецца спецыяльная картка, якая дазваляе ўваход на тэрыторыю Ватыкана. Апостальская
бібліятэка знаходзіцца ў будынку, пабудаваным у XVI ст. швейцарскім архітэктарам Даменіка
Фантана. Уваход у яго ажыцяўляцца праз Бельведэрскі дворык, недалёка ад Ватыканскіх
музеяў. Тут ёсць невялічкі сад і бар, дзе можна адпачыць, паразмаўляць і спажыць пасілак.
У чытальных залах бібліятэкі ўсё гэта рабіць забаронена.
Паводле бібліятэчных
правілаў, працуючы з дакументамі неабходна захоўваць цішыню, нельга карыстацца мабільнымі
тэлефонамі, фота- або відэакамерамі. Адно з патрабаванняў тычыцца адзення чытачоў,
якое павінна быць “адпавядаючым годнасці старажытнай культурнай і навуковай установы”.
Напрыканцы можна адзначыць, што Ватыканская бібліятэка адкрыта з 16 верасня
па 15 ліпеня. Жнівень тут – гэта час адпачынку. Для аспірантаў апошні дзень працы
ў бібліятэцы 15 чэрвеня, а для студэнтаў-дыпломнікаў – 31 мая. Бібліятэка адкрыта
з панядзелка па пятніцу, з 8.45 да 17.15.
Абагульняючы, можна адзначыць, што
патрапіць у Ватыканскую бібліятэку могуць даследчыкі і навукоўцы, вядомыя сваімі навуковымі
адкрыццямі, універсітэцкія выкладчыкі, аспіранты і студэнты-дыпломнікі, якія прадставяць
дакументы аб неабходнасці выкарыстання матэрыялаў бібліятэкі. Для атрымання карткі,
якая дазваляе карыстанне бібліятэкай, трэба прадставіць пашпарт, дакумент аб навуковай
дзейнасці ці пасадзе і рэкамендацыю ад ВУЗа або выкладчыка ў выпадку аспірантаў і
студэнтаў-дыпломнікаў.