2014-06-10 15:28:50

Святы Айцец спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Агрэ


RealAudioMP3 У Парыжы, дзе прабыў некаторы час на лячэнні, 9 чэрвеня 2014 г. памёр ва ўзросце 88 гадоў арцыбіскуп Абіджану на пенсіі, кардынал Бернар Агрэ. Сваю малітоўную сувязь з біскупамі, святарамі і вернікамі Кот-д’Івуара выказаў папа Францішак. Ён назваў іерарха “дасканалым пастырам”, які падчас доўгага і плённага епіскапату, служыў Касцёлу з верай і шчодрасцю. Кардынал Агрэ прыкладаў усе намаганні для абвяшчэння Евангелля і чалавечага і духоўнага развіцця народа.

Кардынал Бернар Агрэ нарадзіўся 2 сакавіка 1926 года ў Монга, недалёка Абіджану. У 1968 г. ён стаў першым біскупам дыяцэзіі Ман, а затым у 1992-1995 гг. быў біскупам новастворанай дыяцэзіі Ямасукра, а затым арцыбіскупам Абіджану. Ірарах выконваў шэраг важных функцый у афрыканскім епіскапаце. Ён быў таксама членам Камітэта Вялікага Юбілею 2000 года. У 2001 г. быў прызначаны старшынёй X Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. У Калегію кардыналаў яго ўключыў св. Ян Павел ІІ 21 лютага 2001 г. У 2006 г. Бэнэдыкт XVI прыняў яго адстаўку з пасады пастыра дыяцэзіі Абіджан.

Пасля смерці іерарха, колькасць кардыналаў складае 213, з якіх 118 маюць права ўдзельнічаць у канклаве і абіраць Папу.







All the contents on this site are copyrighted ©.