2014-06-10 10:45:41

Кс. Ламбардзі: малітва ў Ватыкане стала заканчэннем візіту Папы ў Святую Зямлю


RealAudioMP3 Вялікім уклад у пабудову міру ва ўсім свеце назваў ватыканскую малітоўную сустрэчу за мір, якая прайшла 8 чэрвеня 2014 г., афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Кіраўнік Залы Друку адначасова заўважыў, што прысутнасць на ёй як Папы, так і Патрыярха Барталамея І дэманструе, што барацьба за сапраўдны мір ляжыць у аснове намаганняў усіх хрысціян. “Што ж тычыцца гэтай сустрэчы, яна ўжо сама па сабе была актам мужнасці, паколькі палахлівы рэалізм схіляе да знеахвоты перад абліччам столькіх няўдач, якія ўзнікалі на шляху да міру. Тым не менш, веруючы чалавек, гэта той, хто пастаянна арыентуецца на Бога і ў Яго чэрпае патрэбную надзею”, - адзначыў святар.

Кс. Ламбардзі рэалістычна заўважыў, што, магчыма, мір не настане адразу, “сітуацыя на Блізкім Усходзе з дня на дзень не зменіцца”, але людзі добрай волі, якія вераць у Бога зрабілі новы значны ўклад ва ўмацаванне міру. “Яны паказалі, што мір з’яўляецца Божай ласкай, і што трэба быць у стане навярнуць сваё сэрца і змяніць паставу”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду. Для яго нядзельная малітва з удзелам прэзідэнтаў Ізраіля і Палестыны стала прыкладам таго, аб чым пастаянна кажа папа Францішак – культуры сустрэчы. “Мы сталі сведкамі сапраўднага спаткання розных людзей у імя веры”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Ватыканскі прэс-сакратар дадаў, што запрашэнне Францішкам да ўдзелу ў малітве Патрыярха Барталамея І ясна дэманструе, што ў пабудову міру разам з паслядоўнікамі юдаізму і ісламу ўключаюцца не толькі католікі, але і ўсе хрысціяне. “У пэўным сэнсе, гэтая малітоўная сустрэча стала сапраўдным заканчэннем пілігрымкі Папы ў Святую Зямлю”, - лічыць кс. Ламбардзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.