2014-06-09 14:42:36

Экуменічны форум у Мінску – вынікі, высновы, практычнае значэнне (інтэрв’ю)


RealAudioMP3 Мінск на працягу некалькіх апошніх дзён быў сапраўднай экуменічнай сталіцай Еўропы. Тут з 2 па 6 чэрвеня 2014 г. праходзіў IV Еўрапейскі праваслаўна-каталіцкі форум. Адным з ініцыятараў яго правядзення ў беларускай сталіцы і чалавекам, які шмат зрабіў, каб гэта адбылося, з’яўляецца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі браў удзел і раней у некалькіх падобнага роду мерапрыемствах, таму мы паразмаўлялі з ім аб практычных выніках мінскага форуму, стаўленні дзяржаўных уладаў да яго, новым этапе адносінаў з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Эксцэленцыя, скажыце, на Вашу думку, ці вынікі і высновы IV Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форума маюць практычнае значэнне? Як іх можна прымяніць, напрыклад, у Беларусі?

Напэўна, такія форумы не праводзяцца, як калісьці казалі, “для галачкі”. Найперш, мы хочам яшчэ раз звярнуць увагу на праблему – а яна існуе. І не трэба ўсё толькі завінаць “у вату” і казаць, што ў нас усё добра, у тым ліку і ў Беларусі ўсё ш парадку з маральнага пункту гледжання. Усё часцей, размаўляючы з моладзю і людзьмі, якія не вельмі моцныя ў сваёй веры, бачыш іх сумнеў. І таму форум яшчэ раз хацеў звярнуць увагу, заклікаць усіх хрысціян, асабліва Каталіцкі Касцёл і Праваслаўную Царкву, больш інтэнсіўна працаваць у галіне вырашэння маральных праблем, звярнуць увагу на тое, што ні адзіным хлебам жыве чалавек, не толькі матэрыяльныя каштоўнасці, прыемнасці, задавальненні з’яўляюцца мэтай жыцця чалавека. Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква павінны больш увагі звяртаць на данясенне Евангелля практычна да кожнага чалавека. Трэба сказаць: “Чалавек задумайся, на якіх каштоўнасцях ты будуешь сваё жыццё?!”. Без фундаменту, без падмурку мы не пабудуем дом, які б доўга стаяў, быў трывалым, прыгожым.

Дэкларацыя форуму – гэта што – перасцярога для Еўропы, напамін аб тым, што мы, хрысціяне, тут ёсць ці, можа, крык расчаравання з боку Касцёла?

Яна не можа быць крыкам расчаравання, бо ў хрысціян не можа быць расчаравання, хрысціянін павінен заўсёды жыць надзеяй, нават надзеяй у адсутнасці надзеі. Гэта яшчэ раз напамін, каб задаць сабе пытанне, у якім пункце мы знаходзімся. І гэты форум звярнуў увагу на тое, што мы ўжо заблудзіліся і моцна заблудзілі, і, магчыма, нават знаходзімся на дарозе, якая вядзе ў нікуды. Пагэтаму форум даў такі пасыл: “Чалавек, паглядзі, магчыма, трэба вяртацца назад, паглядзець на дарожныя знакі?”. А дарожнымі знакамі з’яўляецца вучэнне Касцёла, Божыя запаведзі, Евангелле. Трэба зрабіць рахунак сумлення: “Еўропа, паглядзі, ты ўжо страціла – і форум гэта паказаў – хрысціянскую душу.

Якія канкрэтныя інструменты для выпраўлення маральнай сітуацыі ў Еўропе сёння ёсць у двух Цэркваў? Ці карыстаюцца яны імі?

Ведаеце, розныя Цэрквы, розныя традыцыі, але ўсе ў адзін голас казалі аб неабходнасці новай евангелізацыі, калі мы бачым тое, што адбываецца сёння ў свеце. Праблема ў тым, што настаў такі час, калі недастаткова толькі абвяшчаць Евангелле тым, якія яго ніколі не чулі, гэта значыць першая евангелізацыя. Але трэба праводзіць новую евангелізацыю – евангелізаваць тых, якія ўжо ахрышчаныя, але забыліся аб сваім хрысціянстве, страцілі сваё хрысціянства, якія з’яўляюцца пасіўнымі хрысціянамі, намінальнымі. Гэта той рэцэпт, які сёння дае Касцёл – новая евангелізацыя.

Шырока вядома, што ў Беларусі склаліся добрыя адносіны і супрацоўніцтва паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Зрэшты і рашэнне аб правядзенні Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форума ў Мінску прымалася з улікам гэтага. Скажыце, эксцэленцыя, ці змяніліся адносіны з Праваслаўнай Царквой пасля прызначэння ў Беларусь Мітрапаліта Паўла? Іх можна назваць “перазагрузкай” ці гэта працяг былога “курса”?

Сапраўды, добрыя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой з’явіліся адным з тых фактараў, нават рашучым, які паўплываў на тое, што было прынята такое рашэнне. Многія хацелі правесці ў сябе такі форум, але гэты форум адбыўся ў Мінску. Адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі традыцыйна добрыя ў нашай краіне. Так нават жартую, што тут можна ўбачыць ажыццяўленне мары Яна Паўла ІІ аб тым, што Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі – заходнім і ўсходнім хрысціянствам. І ў пэўным сэнсе, гэта мы бачым у Беларусі. Змяняюцца людзі, але Касцёл і Царква застаюцца. І вядома, што Мітрапаліт Павел зусім яшчэ нядаўна прыступіў да абавязкаў. Аднак, так сталася, і гэта добра, што трэба было рыхтаваць гэты форум, рэалізаваць гэты праект, і не раз мы спатыкаліся з ім, а таксама з яго супрацоўнікамі. І мы знаходзілі супольную мову. Мне здаецца, што мы будзем далей развіваць нашыя адносіны акурат для новай евангелізацыі, для вырашэння праблем, супрацьстаяць выклікам сучаснасці, секулярызму, які таксама прабіваецца ў нашу краіну, і ўмацоўваць хрысціянства ў Беларусі.

Падмурак тут ёсць – гэта і традыцыйныя адносіны, і змешаныя сем’і, і проста само жыццё вядзе да таго, што мы павінны быць разам. Я жадаю Мітрапаліту Паўлу Божага благаслаўлення ў яго служэнні і спадзяюся, што нашы адносіны будуць сапраўды братэрскімі на карысць развіцця хрысціянскіх каштоўнасцяў і кансаладацыі грамадства.

Вялікую ўвагу да форума праявілі беларускія дзяржаўныя ўлады. З вуснаў аднаго з прадстаўнікоў прагучала меркаванне, што гэта сустрэча дапаможа ў выпрацоўцы станоўчага іміджу краіны на міжнароднай арэне. Скажыце, эксцэленцыя, на Вашу думку, ці толькі гэтым абмяжоўваецца і павінен абмяжоўвацца інтарэс палітычных уладаў да падобных сустрэч?

Я прысутнічаў на ўсіх чатырох форумах, але ні разу дзяржаўныя ўлады так шмат увагі не прысвяцілі яго правядзенню. Яшчэ не было такога, каб Прэзідэнт краіны прымаў удзельнікаў, як гэта адбывалася ў Беларусі. Таксама вялікая дапамога была аказана з боку Мінгарвыканкама, за што я ўдзячны. Прадстаўнікі дзяржаўнай улады казалі не толькі аб іміджы, але таксама і аб неабходнасці вяртання да хрысціянскіх каранёў і будаўніцстве будучага Еўропы на хрысціянскіх каштоўнасцях. Асабліва вельмі моцна гэта падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі падчас спаткання з удзельнікамі форума. Напэўна, тое, што гэты форум адбыўся ў Беларусі – гэта ўзнімае не толькі імідж Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, але і дзяржавы.

З якімі ўражаннямі ўдзельнікі форума пакінулі Беларусь, як яны ацанілі ўзровень развіцця Каталіцкага Касцёла у краіне?

Усе падкрэслілі тое, што ніколі яшчэ ўдзельнікаў форума не прымаў Прэзідэнт. Таксама ад самога аэрапорту, ад прылёту і да адлёту, лагістыка была арганізаана вельмі добра. Гэтым больш займалася Праваслаўная Царква, мы дапамагалі. Таксама адбыліся спатканні ў нашых касцёлах, св. Імшы ў мінскай катэдры і іншых касцёлах, якія цэлебравалі біскупы-удзельнікі форума. Яны ўсе падкрэслілі, што людзі, якія прыйшлі, вельмі ўважліва паводзілі сябе падчас набажэнства. Яны маліліся, гэта быў кантакт паміж біскупам ці кардыналам, які цэлебраваў св. Імшу, і вернікамі. Хоць і цэлебравалі на іншай мове, не на беларускай, але нягледзячы на гэта, быў духоўны кантакт. Людзі прымалі св. Камунію на каленях, што ўжо вельмі рэдка сустрэнеш у Еўропе. А пасля не ўставалі, а заставаліся сатяць на каленях і маліліся. Гэта заўважылі ўсе. Вось такія ўражанні засталіся і гэта вельмі добра.

Дзякуй за размову.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.