2014-06-09 12:03:01

Францішак падчас малітвы за мір: больш мужнасці патрэбна, каб заключыць мір, чым весці вайну


RealAudioMP3 Да мужных рашэнняў у справе міру заклікаў папа Францішак 8 чэрвеня 2014 г. падчас вячэрняй малітвы за мір у Святой Зямлі і ў свеце з удзелам прэзідэнтаў Ізраіля і Палестыны, Шымона Перэса і Махмуда Абаса. Яна прайшла ў Ватыканскіх садах. Абодва лідэры прыехалі ў Ватыкан паслядоўна пасля 18.00. Кожнага з іх Пантыфік вітаў асабіста ля ўваходу ў сваю рэзідэнцыю. У 18.45 усе трое сустрэліся ў холе Дому св. Марты, паціснулі адзін аднаму рукі і абмяняліся некалькімі словамі. Да іх далучыўся Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І. Затым аўтамабілем яны адправіліся да месца малітвы ў Ватыканскія сады, на луг ў форме трыкутніка, размешчаны паміж домікам Пія IV, рэзідэнцыяй Папскай акадэміі навук, і Ватыканскімі музеямі. Сустрэча пачалася са слоў: “Няхай Пан дасць вам спакой! Мы сабраліся ў гэтым месцы, ізраільцяне і палестынцы, юдэі, хрысціяне і мусульмане, каб узняць нашы малітвы за мір для Святой Зямлі і ўсіх яе жыхароў”. Малітва была разбіта на тры часткі, кожная з якіх была аддадзена адной з трох рэлігійных супольнасцяў: па чарзе, юдэйскай, хрысціянскай і ісламскай.

На заканчэнне перад знакам спакою і пасадкай аліўкавага дрэва, слова ўзялі папа Францішак, Шымон Перэс і Махмуд Абас.

Святы Айцец падзякаваў двум прэзідэнтам і Патрыярху Барталамею за прыняцце запрашэння. Ён адзначыў, што ахвяры канфліктаў і будучыя пакаленні патрабуюць ад адказных за сучасны свет “мужнасці міру”. Папа падкрэсліў, што значна больш мужнасці патрэбна, каб заключыць мір, чым весці вайну. Чалавечай сілы ў гэтай справе не дастаткова і трэба прасіць дапамогі ў Бога. Францішак скончыў сваю прамову малітвай, каб Бог праз заступніцтва Панны Марыі навучыў людзей міру і даў смеласць прыняцця канкрэтных мер па яго дасягненні.

“Зрабі нас здольнымі пачуць крык нашых грамадзян, якія просяць нас, каб мы замянілі зброю на прылады міру, нашы страхі на давер і напружанасць на наша прабачэнне. Падтрымлівай у нас полымя надзеі, каб з церпялівай настойлівасцю прымалі рашэнні для дыялогу і прымірэння, каб у канчатковым выніку перамог мір. Каб з сэрца кожнага чалавека былі выгнаны такія словы, як: падзел, нянавісць, вайна! Пане, учыні раззбраенне языка і рук, абнаві розумы і сэрцы, каб словам нашай сустрэчы заўсёды было “брат”, а стылем нашага жыцця стала: шалом, мір, салам! Амэн”, - маліўся Папа.

Прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс падкрэсліў , што мір не прыходзіць лёгка, і мы павінны прыкласці ўсе сілы для яго дасягнення, і хутка, нават калі гэта патрабуе ахвяраў ці кампрамісаў. На яго думку, ізраільцяне і палестынцы вельмі хочуць міру. “Мы павінны пакласці канец крыкам, насіллю, канфліктам. Мы ўсе патрабуем міру, міру сярод роўных”, - сказаў ізраільскі лідэр.

Палестынскі прэзідэнт Махмуд Абас, спасылаючыся на Каран, заявіў, што Іерусалім лічыцца варотамі ў рай і прывёў словы св. Яна Паўла II, які казаў, што “калі мір прыдзе ў Іерусалім, то яго спазнае ўвесь свет”.

У малітве таксама прынялі ўдзел супрацоўнікі Святога Айца: кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін; дэкан Калегіі кардыналаў кардынал Анджэла Садана; старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” кардынал Пітэр Тарксан; старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох і старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран.







All the contents on this site are copyrighted ©.