2014-06-08 15:02:20

Папа перад “Regina Coeli”: Касцёл павінен здзіўляць (поўны тэкст)


RealAudioMP3 На здзіўленне, як неразрыўны элемент Пяцідзесятніцы, звярнуў увагу папа Францішак 8 чэрвеня 2014 г. падчас сваіх разважанняў перад велікоднай марыйнай малітвай “Regina Coeli” на плошчы св. Пятра. Менавіта ўменне здзіўляць, на думку Пантыфіка, сведчыць аб жыццяздольнасці Касцёла. “Урачыстасць Пяцідзесятніцы з’яўляецца ўспамінам вылівання Святога Духа на апосталаў, сабраных ў Вячэрніку, - сказаў Папа. - Як і Пасха, гэта падзея, што адбылася падчас ужо раней існуючага юдэйскага свята, дэманструе надзвычайную з’яву. Кніга Дзеяў Апосталаў апісвае прыкметы і плёны гэтага звышнатуральнага спаслання: моцны вецер і палаючы агонь. Страх знікае, саступаючы месца мужнасці; языкі развязваюцца і ўсе разумеюць, што абвяшчаецца. Там, куды прыходзіць Дух Божы, усё адраджаецца і зменьваецца. Падзея Пяцідзесятніцы – гэта нараджэнне Касцёла і яго публічнае прадстаўленне. Мы ўражаныя двума рысамі: гэта Касцёл, які здзіўляе і змяняе чалавечыя планы.

Ключавым элементам Пяцідзесятніцы з’яўляецца здзіўленне. Мы ведаем, што наш Бог з’яўляецца Богам сюрпрызаў. Ніхто ўжо нічога не чакаў ад вучняў. Пасля смерці Езуса яны былі малой і нязначнай групай, разгубленымі сіротамі пасля адыходу Настаўніка. Між тым, адбываецца нешта нечаканае, нешта, што здзіўляе: людзі занепакоеныя, бо кожны пачуў вучняў, якія казалі на яго роднай мове, распавядаючы вялікія Божыя справы (Дз 2, 6-7.11) . Касцёл, які нараджаецца ў дзень Пяцідзесятніцы – гэта супольнасць, якая выклікае здзіўленне, бо з сілай, якая паходзіць ад Бога, абвяшчае новае пасланне – Уваскрасенне Хрыста – карыстаючыся новай мовай – універсальнай мовай любові. Новае пасланне – Хрыстус жывы, уваскрос з мёртвых – і новая мова – мова любові. Вучні, натхнёныя сілай з неба, гавораць смела, хоць некалькі хвілін таму дрыжэлі. Цяпер кажуць мужна і шчыра, са свабодай Святога Духа.

Гэта пакліканне Касцёла – ён павінен мець здольнасць здзіўляць, абвяшчаючы ўсім, што Езус Хрыстус перамог смерць, што Божыя рукі заўсёды адкрытыя, Ён заўсёды церпяліва чакае нас, каб вылечыць нас і дараваць нам. Менавіта для гэтай місіі ўваскрослы Езус даў Касцёлу свайго Духа. Аднак, звярніце ўвагу, што калі Касцёл жывы, ён заўсёды павінен здзіўляць. Гэта ўласцівасць жывога Касцёла. Касцёл, які не мог бы ўражваць, быў бы слабым, хворым, паміраючым, і павінен быў бы адправіцца ў рэанімацыю, як мага хутчэй!

Магчыма, нехта ў Ерузалеме хацеў, каб вучні Езуса, паралізаваная ад страху, засталіся зачыненымі ў доме і не ўмешваліся ў чалавечыя планы. Нават сёння многія хацелі б гэтага ад хрысціян. Між тым, уваскрослы Пан штурхае іх у свет: “Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас” (Ян 20, 21). Касцёл Пяцідзесятніцы – гэта Касцёл, які адмаўляецца быць бясшкодным, занадта “разбаўленым”. Не, гэта не правільна! Ён не жадае быць часткай дэкарацыі. Гэта Касцёл, які не баіцца выходзіць на вуліцу, каб сустрэцца з людзьмі, каб прапаведаваць пасланне, якое было даручана яму, нават калі яно перашкаджае або турбуе сумленні. Нават, калі, магчыма, гэта пасланне нясе ў сабе праблемы, а часам прыводзіць да мучаніцтва. Ён нараджаецца як адзіны і паўсюдны, маючы выразную, але адкрытую тоеснасць. Гэта Касцёл, які ўключае ў сябе ўвесь свет, але не прысвойвае яго, пакідае свабодным, абдымае яго як каланада гэтай плошчы: дзве рукі, якія адкрываюцца, каб прыняць, а не замыкаюцца, каб спыніць. Мы, хрысціяне, свабодныя людзі і Касцёл хоча, каб мы былі свабоднымі.

Звернемся да Дзевы Марыі, якая раніцай Спаслання Духа Святога была ў Вячэрніку. Яна – маці, якая прабывае з дзецьмі. Сіла Святога Духа здзейсніла ў ёй “вялікія рэчы” (Лк 1, 49). Яна сказала гэта сама. Няхая яна – Маці Збавіцеля і Маці Касцёла праз сваё заступніцтва дапаможа, каб адбылося абноўленае Спасланне Духа Божага на Касцёл і свет”, - сказаў Пантыфік падчас свайго разважання.
Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў сабраных на ватыканскай плошчы пілігрымаў і папрасіў маліцца за яго.







All the contents on this site are copyrighted ©.