2014-06-07 10:33:17

Ватыканская фінансавая разведка пашырае міжнароднае супрацоўніцтва


RealAudioMP3 Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, якое практычна выконвае ролю ватыканскай фінансавай разведкі, умацоўвае міжнароднае супрацоўніцтва. Структура афіцыйна аформіла двухбаковыя кантакты з некалькімі краінамі на ўзроўні мемарандумаў аб узаемаразуменні. Яны былі падпісаны ў ходзе пленарнага пасяджэння “Групы Эгмант”, якое адбывалася 1-6 чэрвеня 2014 г. у Перу. Гаворка ідзе пра супрацоўніцтва з падраздзяленнямі фінансавай разведкі Вялікабрытаніі, Францыі, Мальты, Румыніі, Польшчы і Перу.

Мемарандум аб узаемаразуменні з’яўляецца стандартнай практыкай і замацоўвае супрацоўніцтва і абмен фінансавай інфармацыяй для барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму паміж кампетэнтнымі органамі абедзвюх краін. Падпісаныя дакументы заснаваны на мадэлі мемарандума аб узаемаразуменні, падрыхтаванага “Групай Эгмант”, глабальнай сеткай нацыянальных падраздзяленняў фінансавай разведкі, і змяшчае палажэнні аб узаемным выкарыстанні інфармацыі, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду.

“Членства ў “Групе Эгмант”, распачатае ў 2013 г. было важным крокам для ўмацавання міжнароднага супрацоўніцтва Апостальскай Сталіцы і падтрымкі глабальных намаганняў па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму”, - падкрэсліў кіраўнік ватыканскай фінансавай разведкі Рэнэ Брульхарт. Падпісанне апошніх пагадненняў дэманструе імкненне Святога Пасаду ў гэтым напрамку, дадаў ён.

Бюро фінансавай інфармацыі ўжо падпісала мемарандумы аб узаемаразуменні з падраздзяленнямі фінансавай разведкі Аўстраліі, Бельгіі, Кіпра, Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Славеніі, Іспаніі і ЗША.







All the contents on this site are copyrighted ©.