Францішак да карабінераў: ваша пакліканне – гэта служэнне
Святы Айцец скіраваў
віншаванні з нагоды 200-годдзя з моманту заснавання Корпуса карабінераў – аднаго з
падраздзяленняў італьянскай жандармерыі. 6 чэрвеня 2014 г. на плошчы св. Пятра адбылася
ўрачыстая Эўхарыстыя з гэтай нагоды, якую ўзначаліў арцыбіскуп Санта Марчана, вайсковы
ардынарый у Італіі. У літургіі прынялі ўдзел некалькі дзесяткаў тысяч карабінераў
разам з членамі сваіх сем’яў і блізкімі. Пасля св. Імшы на ватыканскай плошчы з’яўвіўся
Пантыфік, які звярнуўся да прысутных са зваротам. Ён нагадаў, што 200-гадовая гісторыя
карабінераў блізка злучана з гісторыяй Італіі. “Паміж карабінерамі і народам існуе
сувязь, заснаваная на салідарнасці, даверы і ўзаемнай адданасці супольнаму дабру”,
- сказаў Папа. Падраздзяленні карабінераў прысутныя на тэрыторыі ўсёй краіны, нават
у самых аддалёных і перыферыйных месцах, і гэта прысутнасць, паводле Папы, заклікае
іх “быць блізка да праблем людзей, асабліва самых слабых і абцяжараных”. “Ваша пакліканне
– гэта служэнне”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Гэта служэнне, паводле Францішка,
заключаецца ў клопаце аб людзях і асяроддзі праз абарону правоў асобы і супольнасці.
“Клопат аб грамадскім парадку і бяспецы людзей становіцца ўсё больш і больш актуальным
у дынамічным грамадстве”, - падкрэсліў Папа. Ён адзначыў, што дзейнасць карабінераў
патрабуе адкрытасці, цярплівасці, ахвярнасці і адказнасці. У якасці прыкладу Францішак
нагадаў пра неапалітанскага карабінера, Слугу Божага Сальва Д’Аквіста, які ў 23-гадовым
узросце дабраахвотна ахвяраваў сваім жыццём дзеля выратавання некалькіх дзесяткаў
бязвінных людзей з рук нацыстаў. “Следуючы гэтай доўгай традыцыі, працягвайце ваша
служэнне са спакоем і шчодрасцю, даючы сведчанне аб ідэалах, якія натхняюць вас і
вашы сем’і, якія заўсёды побач з вамі”, - пажадаў папа Францішак.