2014-06-05 12:36:47

Францішак адзначыў важнасць салідарнасці Касцёла з цыганскім народам


RealAudioMP3 5 чэрвеня 2014 г. папа Францішак прыняў ў Ватыкане ўдзельнікаў сустрэчы прадстаўнікоў епіскапатаў і нацыянальных кіраўнікоў душпастырства цыган, якая праходзіць у Рыме. Двухдзённая праца форума, арганізаванага Папскай радай пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, адбываецца пры ўдзеле дэлегатаў з 26 краін Амерыкі, Азіі і Еўропы. Часта цыгане знаходзяцца на ўзбочыне грамадства і на іх глядзяць з варожасцю і падазронасцю. Яны амаль не ўключаны ў палітычную, эканамічную і сацыяльную дынаміку краін пражывання, адзначыў Пантыфік. Папа падкрэсліў, што цыганскі народ пакліканы рабіць свой унёсак у супольнае дабро грамадства, і гэта будзе магчымым пры існаванні пачуцця ўзаемнай адказнасці і адэкватнай дапамозе. Сярод прычын, якія правакуюць у сучасных грамадствах беднасць адной з частак насельніцтва, на думку Святога Айца, можна вылучыць недахоп у адукацыйных структурах, неабходных для культурнага і прафесійнага выхавання, цяжкасці з доступам да медыцынскай дапамогі, дыскрымінацыю на рынку працы і адсутнасць годнага жылля. Самыя слабыя групы грамадства, да якіх належаць і цыгане, лёгка становяцца ахвярамі новых форм рабства, асабліва, калі ім не хапае дапамогі ў інтэграцыі і ўдзеле ў грамадскім жыцці.

Пантыфік адзначыў важнасць салідарнасці Касцёла з цыганамі, а таксама дзейнасці нацынальных і міжнародных арганізацый на карысць паляпшэння ўзроўню жыцця гэтага народа. “Сёння як ніколі неабходна распрацаваць новыя падыходы ў грамадскай, культурнай і сацыяльнай сферах, а таксама душпастырскую стратэгію Касцёла, каб адказаць на выклікі, якія ўзнікаюць праз сучасныя формы пераследу, прыгнёту і не рэдка рабства”, - лічыць Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.