2014-06-05 15:21:16

Святы Айцец развітаўся з памерлым кардыналам


RealAudioMP3 Папа ўзначаліў 5 чэрвеня 2014 г. абрад апошняга развітання пасля пахавальнай св. Імшы па памерлым 2 чэрвеня кардынале Дурайсамі Саймане Лурдусамі. Былому прэфекту Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў было 90 гадоў. Эўхарыстыю ўзначаліў у базыліцы св. Пятра кардынал Анджэла Садана. “На працягу 20 гадоў прысвячаў сваю энергію для вялікай справы евангелізацыі народаў, пасля чаго, дасведчаны хваробай, працягваў служыць Касцёлу малітвай і цярпеннем з вялікім спакоем”, - сказаў аб памерлым дэкан Калегіі кардыналаў у сваёй гаміліі.

Кардынал Лурдусамі займаў пасаду прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў з 1985 г., але быў вымушаны адмовіцца ад яе ў 1991 г. па стане здароўя. Пурпурат быў спецыялістам у галіне кананічнага права. Будучы святаром, займаўся журналісцкай дзейнасцю і душпастырствам студэнтаў. У Рыме пачаў працу ў 1971 г. Быў сакратаром Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, старшынёй Папскіх місійных ініцыятыў і віцэ-канлерам Папскага ўніверсітэта “Урбаніянум”. Кардынальскі берэт ён атрымаў з рук св. Яна Паўла ІІ у 1985 г.

Пасля смерці іерарха Калегія кардыналаў налічвае 214 членаў, з якіх 119 маюць права голасу на канклаве.







All the contents on this site are copyrighted ©.