2014-06-05 13:13:29

Пантыфік не хоча, каб хрысціяне бралі Касцёл “у арэнду”


RealAudioMP3 Касцёл “не здранцвелы” – Касцёл “свабодны”. Гэта падкрэсліў 5 чэрвеня 2014 г. Святы Айцец. У сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ён звярнуў увагу на тры групы людзей, якія прэтэндуюць, каб называцца хрысціянамі: прыхільнікі “аднастайнасці”, “альтэрнатывы” і “перавагі”. Для іх, адзначыў Папа, Касцёл не з’яўляецца домам, яны выкарыстоўваюць яго ў якасці “арэнды”. Першых ён назваў асобамі здранцвелымі. Яны не жывуць у свабодзе, якую дае Святы Дух, цалкам пераблытаўшы Евангелле з асабістай дактрынай. Езус ніколі не хацеў, каб яго Касцёл быў жорсткім, падкрэсліў Францішак. Другая група складаецца з тых, хто пастаянна рэалізуе свае ўласныя ідэі. Яны не ўспрымаюць меркавання Касцёла, заўсёды маюць сваю альтэрнатыўную ідэю. Трэцяя група, паводле Папы, гэта тыя, хто “шукае перавагі”, яны прыходзяць у Касцёл дзеля асабістай выгады, і ў канчатковым выніку выкарыстоўваюць яго. Пантыфік назваў такіх хрысціян “прадпрымальнікамі”.

У Касцёле “існуе шмат харызматаў, ёсць вялікая разнастайнасць асоб і дароў Святога Духа”, адзначыў Пантыфік. Для кожнага ў яго непаўторнасці ён з’яўляецца домам і маці. У гэтым заключаецца “адзінства ў разнастайнасці, свабода, высакароднасць”, у аснове якіх стаіць Святы Дух. “Мы розныя, мы не аднолькавыя, і дзякуй Богу”, - сказаў Папа, у адваротным выпадку “было б пекла”. Паслухмянасць Святому Духу, дадаў ён, гэта цнота, якая выратуе хрысціян ад выключнага імкнення да аднастайнасці, навязлівага пошуку альтэрнатывы і рэалізацыі перавагі над іншымі. Менавіта гэта паслухмянасць дазволіць кожнаму лічыць Касцёл сваім сапраўдным домам.







All the contents on this site are copyrighted ©.