2014-06-05 11:57:43

Мінск: дэкларацыя праваслаўна-каталіцкага форуму дапаможа сфарміраваць грамадскую думку


RealAudioMP3 IV Еўрапейскі праваслаўна-каталіцкі форум у Мінску падыходзіць да завяршэння. Яго вынікам стане супольная дэкларацыя, выданне якой чакаецца 5 чэрвеня 2014 г. Рэаліі культурнага жыцця сучаснай Еўропы, яе мульты-культурныя грамадствы, ставяць перад католікамі і праваслаўнымі супольныя выклікі і сведчаць аб неабходнасці экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу, лічыць сустаршыня форуму, венгерскі кардынал Пэтэр Эрдо: “Кантакты з праваслаўнымі братамі на ўзроўні Еўропы вельмі каштоўныя і шырокія, з рознымі Патрыярхатамі. Мы шмат чулі, што тут, у Беларусі, існуе добрае супрацоўніцтва. Мы даўно ведаем Мітрапаліта Філарэта як вельмі адкрытага і прыязнага чалавека. З ім мы супрацоўнічалі на ўзроўні спецыяльнай праграмы, рэалізаванай некалькі гадоў таму ў Рыміні. Мы размаўлялі пра ісціну Хрыста, якая можа быць прынята еўрапейскімі інтэлектуаламі сёння. Я спадзяюся, што добрыя адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі застануцца такімі. Ведаю таксма, што Каталіцкі Касцёл у гэтай краіне жывы і жыццяздольны. Спадзяюся, што ён дасць сведчанне агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў, асобы Езуса Хрыста, не толькі перад сваімі вернікамі, але і перад усім грамадствам”, - адзначыў старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё па выніках форуму.

Форум – гэта цудоўная магчымасць камунікацыі паміж Праваслаўнымі Цэрквамі і Каталіцкім Касцёлам, лічыць кардынал Вінка Пуліч з Босніі-Герцагавіны. “Вельмі важна размаўляць разам і слухаць адно аднаго, каб знайсці шлях для экуменізма на ўзроўні маральных і сацыяльных каштоўнасцяў, таксама дзякуючы гэтаму развіваюцца тэалагічная і дагматычная складаючыя. Гэта вельмі дапамагае пазнаваць адно аднаго і працаваць разам”, - сказаў арцыбіскуп Сараеўскі.

Баснійскі іерарх падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл заўсёды адкрыты на супрацоўніцтва праз асабістае сведчанне і пазнанне іншых, паколькі гэта запавет Хрыста. Намаганні па асягненні адзінства не рэалізуюцца хутка і проста, але гэта павінна быць першай мэтай экуменізму, дадаў ён. Паводле кардынала, сённяшняя дэкларацыя, гэта публічнае паведамленне, якое падводзіць вынікі форуму. Хоць яна, магчыма, не зменіць шмат, несумненна дапаможа “сфарміраваць грамадскую думку”, што, у сваю чаргу, паспрыяе далейшаму супрацоўніцтву.

Мітрапаліт Сасімскі Генадзіўс, які прадстаўляе Канстантынопальскі Патрыярхат, кажучы аб выніковай рэзалюцыі, адзначыў : “Культурная і рэлігійнае разнастайнасць Еўропы сама па сабе з’яўляецца каштоўнай. Мы лічым, што хрысціянства ляжыць у аснове ўсіх культур у Еўропе, а таксама натхняе спраўляцца з любымі жыццёвымі цяжкасцямі”. Ён дадаў, што еўрапейскія краіны, якія прымаюць эмігрантаў ці прадстаўнікоў іншых культур, павінны рабіць гэта з любоўю і адкрытасцю.

Поўны тэкст выніковай дэкларацыі зараз дапрацоўваецца. Ён будзе абнародаваны пазней.







All the contents on this site are copyrighted ©.