2014-06-04 11:31:47

Пабожнасць падштурхоўвае служыць іншым


RealAudioMP3 Сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 4 чэрвеня 2014 г. папа Францішак прысвяціў дару Святога Духа, які “часта разумееца няправільна і павярхоўна, але тычыцца самага сэрца нашай ідэнтычнасці і нашага хрысціянскага жыцця”, а менавіта – дару пабожнасці. Паводле Пантыфіка, пабожнасць адлюстроўвае прыналежнасць да Бога і глыбокую сувязь з Ім, сувязь, “якая дае сэнс усяму чалавечаму жыццю і якая трымае ў моцным адзінстве з Ім, таксама ў цяжкія і трывожныя моманты”. Францішак падкрэсліў, што гэта сувязь з Панам не павінна разумецца ў якасці абавязку ці прымусу, бо нараджаецца ўнутры чалавека. “Гаворка ідзе пра адносіны, якія перажываюцца ад сэрца. Гэта наша сяброўства з Богам, якое нам дорыцца Богам, сяброўства, якое змяняе наша жыццё і напаўняе нас энтузіязмам і радасцю. Па гэтай прычыне дар пабожнасці нарадажае ў нас, перш за ўсё, ўдзячнасць і радасць”, - падкрэсліў Папа.

Паводле Пантыфіка, такая сувязь з Панам адпавядае сапраўднаму рэлігійнаму духу – самаму сапраўднаму сэнсу рэлігійнага жыцця і адарацыі. “Калі Святы Дух дазваляе нам адчуваць прысутнасць Пана і ўсю Яго любоў да нас, Ён сагравае сэрца і амаль натуральным чынам падштурхоўвае нас да малітвы і цэлебрацыі. Пабожнасць, такім чынам, гэта сінонім сапраўднага рэлігійнага духа, сыноўні давер да Бога, здольнасць маліцца да Яго з любоў і прастатой, уласцівымі асобам з пакорным сэрцам”, - сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што пабожнасць, акрамя таго, што дазваляе расці ў адносінах і адзінстве з Богам, дапамагае таксама дзяліцца гэтай любоўю з іншымі, бачыць у іх братоў. Яна, на думку Пантыфіка, напаўняе пачуццём міласэрнаці да бліжніх.

“Так зможам па-сапраўднаму радавацца з тымі, хто радуецца, плакаць з тымі, хто плача, быць бліка да тых, хто самотны ці ўстрывожаны, папраўляць таго, хто памыляецца, суцяшаць, таго, хто сумны, прымаць і дапамагаць тым, хто ў патрэбе. Існуе глыбокая сувязь паміж пабожнасцю і пакорай. Дар пабожнасці, які дае нам Святы Дух, робіць нас пакорнымі, спакойнымі, церпялівымі, прыміранымі з Богам, ставіць на пакорную службу іншым”, - адзначыў Пантыфік. Францішак заклікаў вернікаў прасіць Святога Духа аб дары пабожнасці, каб з яго дапамогай перамагаць уласныя страхі і няўпэўненасць і станавіцца радаснымі сведкамі Бога і Яго любові.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік асаблівым чынам прывітаў удзельнікаў Агульнапольскай сустрэчы моладзі ў Лядніцы і заклікаў іх быць мужнымі, з энтузіязмам адказваць на Божую любоў, радавацца ласцы быцця Божымі сынамі і дзяліцца гэтай радасцю са светам.








All the contents on this site are copyrighted ©.