2014-06-03 10:10:19

Мінск прымае буйны праваслаўна-каталіцкі форум


RealAudioMP3 У Мінску працягвае працу IV Еўрапейскі праваслаўна-каталіцкі форум, які пачаўся 2 чэрвеня 2014 г. У беларускую сталіцу прыбылі больш за 40 іерархаў з боку абодвух канфесій – прадстаўнікі 20 краін. Усе госці – высокае духавенства. Ад Каталіцкага Касцёла кардынал Пэтэр Эрдо, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, арцыбіскупы баснійскага Сараева, італьянскага Трэнта, іспанскай Грэнады, французскага Дзіжон і іншыя. Праваслаўную канфесію прадстаўляюць іерархі ад Рускай, Грузінскай, Кіпрскай, Сербскай, Эладскай Праваслаўных Царкваў, прыбыў прадстаўнік Канстантынопальскага Патрыярхату. Мінск быў абраны пляцоўкай для гэтай сустрэчы не выпадкова – Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні заходняй і ўсходняй галін хрысціянства. Вядома, што прад Цэрквамі стаяць сёння шматікія выклікі, даць адказ на якія можна толькі аб’яднаўшы намаганні.

Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня Аддзелу знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату лічыць, што галоўная праблема Еўропы сёння – адыход ад хрысціянства. “Калі мы прыязджаем у Еўропу, што мы там бачым – перш за ўсё хрысціянскія храмы: Нотр-Дам у Парыжы, Вэстмінстэрскае абацтва ў Лондане, базыліка св. Пятра ў Рыме. Заўсёды Еўропа была хрысціянскай. А зараз у Старым Свеце ствараецца такая сітуацыя, калі пануючай ідэалогіяй становіцца атэізм або такая форма плюралізма, якая мяркуе, што рэлігіі ўвогуле няма месца ў грамадстве, што яна можа існаваць толькі на ўзроўні прыватных індывідаў. Нас такое становішча не задавальняе, мы лічым, што хрысціянскія Цэрквы павінны мець голас, права агучваць свой пункт гледжання. Нас засмучвае, калі прымаюцца законы, якія супярэчаць хрысціянскім каштоўнасцям, увогуле традыцыйным і маральным. Напрыклад, калі аднаполыя саюзы спрабуюць прадставіць у якасці сужэнства і тым самым парушаюць асновы сям’і”, - сказаў праваслаўны іерарх.

Аб глабальнай секулярызацыі казалі практычна ўсе ўдзельнікі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, нагадаў, што менавіта духоўны крызіс з’яўляецца пачаткам іншых праблем у грамадстве – сацыяльных, эканамічных, палітычных. “Гэта крызіс сям’і, дэвальвацыя чалавечага жыцця, праблема наркотыкаў, эўтаназіі. Напрыклад, у Бельгіі дайшлі да таго, што дазволілі эўтаназію для дзяцей, якія самі не могуць прымаць рашэнні, бо за іх гэта робяць бацькі. Мы, католікі і праваслаўныя, павінны быць у цэнтры праблем. Бо калі не так, то мы застанемся на вакзале, а цягнік сыдзе. А ў гэтым цягніку нашы людзі, а мы пастыры, і куды гэты цягнік завязе – не вядома”, - сказаў прадстаўнік Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Мінскі форум адкрыўся ў мінскай царкве ў гонар Усіх Святых. Да гэтага яго прымалі партугальскі Лісабон, італьянскі Трэнта і грэцкі Родас. Два гады таму менавіта арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Мітрапаліт Філарэт, зараз Ганаровы Патрыяршы Экзарх усея Беларусі, сталі ініцыятарамі яго правядзення ў Беларусі. І тое, што пляцоўка для дыялогу найлепшая, пацвярджалі госці канферэнцыі. У тым ліку арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі, які адзначыў, што гэта падзея – знак адкрытых сэрцаў і адкрытых святынь. “Беларусь – гэта мірная зямля, дзе мірна жывуць Праваслаўная і Каталіцкая Цэрквы. Не заўсёды гэтыя адносіны лёгкія, але заўсёды гэта тая прысутнасць, якая характарызуе культуру Беларусі”, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Такія форумы з’яўляюцца не толькі месцам для працоўных пасяджэнняў, іх называюць яшчэ форумамі нефармальнай культурнай дыпламатыі – прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы або дэлегаты ад адной канфесіі, але з розных краін, могуць больш пазнаёміцца адно з адным. І гэта таксама вялікая справа, адзначыў арцыбіскуп Паўла Пеццы з Масквы. “Нягледзячы на ўсе цяжкасці, дыялог працягваецца і гэта самае галоўнае. І гэты форум – знак таго, што такі дыялог не толькі магчымы, але і пажаданы. І ўсе мы імкнемся яго развіваць і працягваць”, - сказаў ён Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Наперадзе ў удзельнікаў – яшчэ некалькі працоўных дзён. Па выніках яны прымуць рэзалюцыю. Іх чакае таксама культурная праграма – госці паслухаюць канцэрт духоўных песнапенняў і пазнаёмяцца з Мінскам падчас экскурсіі.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.