2014-05-31 12:15:59

Святы Айцец сустрэнецца з армянскім Каталікосам Арамам І


RealAudioMP3 Папа Францішак прыме на аўдыенцыі Каталікоса Армянскай Апостальскай Царквы Арама І, які будзе прабываць з візітам у Рыме 3-6 чэрвеня 2014 г. Армянскі іерарх наведае Папскую рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і некаторыя іншыя дыкастэрыі Рымскай Курыі. Ён памоліцца каля магілы св. Пятра і ўшануе статую св. Грыгорыя Асветніка ўстаноўленую ў паўночным дворыку ватыканскай базылікі. Аўдыенцыя ў Святога Айца адбудзецца 5 чэрвеня. Пасля кароткай прыватнай размовы Пантыфік і Каталікос супольна памоляцца. Арам І, з 1995 г., з’яўляецца кіраўніком Армянскай Апостальскай Царквы Кілікійскага Каталікасата, сядзіба якога знаходзіцца ў Антэліасе, недалёка ад ліванскага Бейрута. Ён аднойчы сустракаўся з Янам Паўлам ІІ і двойчы з Бэнэдыктам XVI.

Кілікійскі Каталікасат з’яўляецца часткай Армянскай Апостальскай Царквы. Ён прызнае ганаровае першынства Эчміадзінскага Каталікоса ўсіх Армян і Вярхоўнага Патрыярха Армянскай Апостальскай Царквы, якім з’яўляецца Гарэгін ІІ. З апошнім папа Францішак сустракаўся ў Ватыкане 8 мая 2014 г. Падчас гэтай аўдыенцыі Святы Айцец, нагадаў пра мучаніцтва армянскіх вернікаў на працягу ХХ ст.“Экуменізм пакутаў, экуменізм мучаніцтва, экуменізм крыві – гэта моцны заклік, каб ісці шляхам паяднання паміж Цэрквамі, з рашучасцю і даверлівай адданасцю дзейнасці Святога Духа”, - казаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.