2014-05-30 12:07:39

Святы Айцец: хрысціянскую радасць не купіць, яна нараджаецца ў надзеі


RealAudioMP3 Ваш смутак зменіцца ў радасць – гэта абяцанне Езуса было ў цэнтры ўвагі папы Францішка падчас гаміліі на ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 30 мая 2014 г. Пантыфік адзначыў, што “не ўсё жыццё – свята”, людзі пакутуюць ад хваробаў, праблем у сям’і, недахопу грошай і многіх іншых рэчаў. Але, перш за ўсё, гэтым асобам Езус кажа: “Не бойцеся!”. Многія, на думку Пантыфіка, імкнуцца да такой радасці, ад якой у душы можа застацца толькі смутак і пустка. Яны ўзнікаюць, калі ідзем кепскім шляхам, калі ідзем, каб “купляць радасць, весялосць, якія паходзяць ад гэтага свету” і з’яўляюцца грэшнымі. Пантыфік адзначыў, што хрысціянская радасць – іншая. Гэта “радасць у надзеі”, якая не мінае. “У момант выпрабавання мы яе не бачым. Гэта радасць, якая ачышчаецца выпрабаваннямі і нават выпрабаваннямі штодзённымі”, - сказаў ён. Езус, каб патлумачыць вучнямі словы пра смутак, які перамяняецца ў радасць, прывёў прыклад жанчыны, якая нараджае дзіця. “Сапраўды, нараджаючы, жанчына шмат пакутуе, але, калі дзіця нараджаецца, забываецца пра гэта. Тое, што застаецца – гэта радасць Езуса, ачышчаная радасць”, - сказаў Папа. Паводле Яго, радасць схавана ў жыццёвых момантах, яна не адчуваецца падчас пераадолення праблем – прыходзіць потым. Таму Касцёл заклікае сённяшніх людзей не баяцца і дзяліцца з іншымі надзеяй, адзначыў Пантыфік і заклікаў заўсёды быць мужнымі ў выпрабаваннях і памятаць, што пасля цемры заўсёды наступае святло.








All the contents on this site are copyrighted ©.