2014-05-29 13:01:31

Старшыня Папскай рады: Пантыфік адкрыў новую главу ў міжрэлігійным дыялогу


RealAudioMP3 Падарожжа Папы ў Святую Зямлю мела вялікае значэнне для ўзаемаадносін Каталіцкага Касцёла з юдаізмам і ісламам. На дасягненні ў гэтай сферы звярнуў увагу кардынал Жан-Луі Таран. Іерарх, які ўзначальвае Папскую раду па міжрэлігійным дыялогу, суправаджаў Францішка падчас яго візіту і рыхтаваў яго. “Лепшым сінтэзам гэтай паездкі з’яўляецца здымак Папы са сваімі сябрамі рабінам і мусульманінам перад “Сцяной Плачу”. Гэта фота дэманструе важнасць міжрэлігійнага дыялогу, таму што ўсё можа быць дасягнута, калі людзі ведаюць адзін аднаго, сустракаюцца, размаўляюць, слухаюць, прызнаюць, што іншы мае нешта станоўчае”, - сказаў кардынал у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. У міжрэлігійным дыялогу, адзначыў іерарх, “гаворка ідзе пра элементы святасці і праўды, якія прысутнічаюць ва ўсіх рэлігіях, нават калі мы ведаем, што Езус ёсць ісціна”.

“Вельмі важным” назваў старшыня Папскай рады запрашэнне Пантыфіка, адрасаванае двум прэзідэнтам: “прыедзьце да мяне, у мой дом”. Францішак зрабіў гэта “з вялікай прастатой, ад сэрца”. “Думаю, што гэта таксама выклік для ўсіх хрысціян, і асабліва католікаў – калі ў сучасным грамадстве ў нас ёсць нейкая сіла, гэта сіла сэрца”, - адзначыў кардынал Таран і дадаў, што ён гэта бачыў падчас папскага падарожжа: “калі Пантыфік гаварыў з кімсьці, ён рабіў гэта з сілай сэрца”. “І так у простых словах, якія не маюць нічога агульнага з нормамі міжнароднага права і дыпламатычнымі звычаямі, Папа адкрыў новую главу. Сітуацыя на Блізкім Усходзе, міжрэлігійны дыялог не могуць заставацца ў зыходным пункце. Пачнецца нешта новае, дзякуючы сіле сэрца”, - перакананы кардынал Жан-Луі Таран.







All the contents on this site are copyrighted ©.