Святы Айцец сустрэнецца з каталіцкім харызматычным рухам
Пантыфік сустрэнецца
з членамі каталіцкага харызматычнага руху “Абнаўленне ў Святым Духу”. Паўтарагадзіннае
спатканне пройдзе на рымскім Алімпійскім стадыёне ў нядзелю 1 чэрвеня вечарам. Да
ўдзелу ў сустрэчы былі запрошаны таксама кардынал Анджэла Камастры, Папскі вікарый
для Дзяржавы Ватыкан, кардынал Агасціна Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі,
і кардынал Станіслаў Рылка, старшыня Папскай рады па справах свецкіх.
“Гэта
будзе незвычайны час ласкі, заклік разам з Папам паўторнага спаслання Святога Духа
– 90 хвілін цудоўнай праграмы, малітвы, спеваў, сведчанняў, дыялогу і слухання”, -
гаворыцца ў паведамленні касцёльнага руху.
Алімпійскі стадыён будзе прымаць
Папу ўжо ў чацвёрты раз. Раней там быў тры разы св. Ян Павел II: 12 красавіка 1984
г. на юбілеі спартсменаў, 31 мая 1990 г., каб благаславіць аб’ект пасля рэстаўрацыйных
работ, і 29 кастрычніка 2000 г., калі адпраўляў св. Імшу з нагоды чарговага юбілею
спартсменаў.