2014-05-29 12:13:39

Беларусь на парозе буйнога экуменічнага форуму


RealAudioMP3 Некалькі дзён застаецца да пачатку IV Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форума, які адкрыецца ў беларускай сталіцы 2 чэрвеня 2014 г. У Мінску збяруцца іерархі, святары, тэолагі з 20 краін Еўропы. Форум пройдзе пад сустаршынствам Мітрапаліта Генадзіўса Сасімскага, прадстаўніка Канстантынопальскага Патрыярхату, і арцыбіскупа Пэтэра Эрдо, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы. Таксама чакаюць іншых высокіх гасцей – кардыналаў з боку Каталіцкага Касцёла, епіскапаў з боку Беларускай і Рускай Праваслаўных Царкваў, а таксама прадстаўнікоў іншых памесных Праваслаўных Цэркваў.

Тэма размовы як ніколі актуальная – “Рэлігія і культурны плюралізм: выклікі для хрысціянскіх Цэркваў Еўропы”. Сёння, ва ўмовах глабалізацыі, тэрытарыяльна і культурна розныя традыцыі маюць аднолькавыя выклікі: секулярызацыя і рэлятывізм, біяэтыка, рэлігійная адукацыя, псеўдарэлігійныя плыні – і гэта не поўны спіс. Таму больш падрабязна ўдзельнікі форума спыняцца на такіх пытаннях як: неабходнасць межрэлігійнага дыялогу ў сучасных умовах, свабода рэлігіі як шлях да справядлівасці і міру, маральнае адраджэнне Еўропы, паведамілі ў Міжнародным грамадскім аб’яднанні “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр св. Мятода і св. Кірыла”. Увогуле, задача будучага форума – аб’яднаць сілы хрысціянскай супольнасці, у першую чаргу праваслаўных і католікаў, для абароны традыцыйных каштоўнасцяў і пераадолення глыбокага духоўнага, сацыяльнага і геапалітычнага крызісу, які існуе сёння ў свеце.

А Мінск для гэтай мэты – найлепшая пляцоўка. У Беларусі традыцыйна захоўваюцца добрыя адносіны паміж хрысціянскімі канфесіямі, краіна не раз станавілася цэнтрам міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу. Папярэднія канферэнцыі (па чарзе ў краінах з праваслаўнай і каталіцкай большасцю насельніцтва) прайшлі ў мінулыя гады ў італьянскім Трэнта, на грэцкім Родасе і ў партугальскім Лісабоне. А ў 2014 г. беларуская сталіца была абрана для правядзення наступнага, IV Еўрапейскага форума.

Відавочна, такія сустрэчы заўсёды выклікаюць вялікую цікавасць – як у рэлігійных, так у свецкіх колах, як сярод хрысціянскіх лідэраў, так і сярод прадстаўнікоў іншых рэлігій. Рэзанаса чакаюць і ў Мінске. Акрамя афіцыйных пасяджэнняў, гэта яшчэ добрая магчымасць для Цэркваў лепш пазнаць адна адну і падзяліцца вопытам, а таксама ў голас заявіць – паглыбленне крызісу не спыніць, калі ў свеце далей будуць ігнараваць вельмі простыя з аднаго боку, але вырашаючыя і асноватворныя рэчы – духоўныя аспекты чалавечай прыроды і грамадства. Па выніках IV Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форума, які будзе праходзіць да 6 чэрвеня, удзельнікі прымуць сумесную рэзалюцыю.







All the contents on this site are copyrighted ©.