2014-05-28 14:49:51

Дзейнасць каталіцкіх дабрачынных структур на Блізкім Усходзе абмяркуюць у Ватыкане


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца арганізуе сустрэчу паміж дабрачыннымі каталіцкімі арганізацыямі, якія дзейнічаюць на карысць насельніцтва Сірыі і ўсяго Блізкага Усходу. Арганізатарам форума, які пройдзе 30 мая 2014 г. у Ватыкане, з’яўляецца Папская рада “Cor Unum”. Мэтай мерапрыемства з’яўляецца каардынацыя дзейнасці ўсіх дабрачынных структур, якія дзейнічаюць у рэгіёне. Чакаецца, што ў сустрэчы прымуць удзел прадстаўнікі 25 арганізацый. Перад імі выступяць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, старшыня Папскай рады “Cor Unum” кардынал Рабэр Сара і Апостальскі нунцый у Сірыі арцыбіскуп Марыё Дзэнары. Удзельнікі сустрэчы пазнаёмяцца са справаздачай аб выніках працы каталіцкіх дабрачынных арганізацый на Блізкім Усходзе за мінулы год і абмяркуюць будучае супрацоўніцтва.

Святы Пасад праз сваю дыпламатычную дзейнасць, якая ажыцяўляецца цэлай сеткай нунцыятур, праз адносіны з мясцовымі Касцёламі і дабрачынныя каталіцкія арганізацыі актыўна ўдзельнічае ў гуманітарных праграмах і аказвае дапамогу насельніцтву Сірыі, якое ўжо на працягу амаль трох гадоў пакутуе ад грамадзянскай вайны.








All the contents on this site are copyrighted ©.