2014-05-27 12:48:49

Пантыфік назваў еўрапейскую эканамічную сістэму – бесчалавечнай


RealAudioMP3 Падчас размовы з журналістамі на борце самалёта на зваротным шляху са Святой Зямлі 26 мая 2014 г. Пантыфік адказаў на пытанні, якія мелі палітычны кантэкст. Францішак падкрэсліў, што ініцыяваная ім сустрэча ў Ватыкане паміж прэзідэнтамі Ізраіля і Палестыны будзе выключна малітоўнай. Гэта не нейкія перамовы, удакладніў ён. “Мы сустрэнемся толькі для таго, каб маліцца. Я думаю, што малітва будзе важнай і карыснай. Пасля ўсе вернуцца дадому”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што разам з ім на малітоўнай сустрэчы будуць прысутнічаць рабін і імам. Пантыфік асабіста папрасіў айца Пьербацісту Піцабала, францішканскага кусташа Святой Зямлі, заняцца арганізацыяй практычнага боку спаткання. Францішак прызнаўся, што ён хацеў арганізаваць гэту сустрэчу падчас сваёй пілігрымкі ў Святую Зямлю, але гэтаму перашкодзілі лагістычныя праблемы.

Пантыфік закрануў таксама еўрапейскую тэматыку. Ён прызнаўся, што яшчэ “няшмат разумее” з праблем Еўропы, але сур’ёзным выклікам назваў беспрацоўе. “Мы знаходзімся ў глабальнай эканамічнай сістэме, у цэнтры якой пастаўлены грошы, а не чалавечая асоба. Для падтрымання сябе гэта сістэма выкідвае. Выкідвае дзяцей – нараджальнасць невялікая (...). Яна выкідвае пажылых людзей, у тым ліку і праз схаваную эўтаназію, калі лекі даюцца толькі да вызначанага моманту. Яна выкідвае моладзь”, - сказаў Папа, нагадаўшы, што ў Італіі беспрацоўе сярод гэтай групы дасягае 40%, у Іспаніі – 50%, а ў Андалусіі – 60%. Гэта цэлае пакаленне людзей, якія не вучацца і не працуюць, падкрэсліў ён.

Гэта культура, якая выкідвае людзей, з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, звярнуў увагу Святы Айцец. Яна існуе не толькі ў Еўропе, але тут адчуваецца асабліва. “Гэта бесчалавечная эканамічная сістэма. Гэта эканамічная сістэма забівае, як я напісаў у “Evangelii Gaudium”, - сказаў Папа са спасылкай на сваю мінулагоднюю Апостальскую адгартацыю.







All the contents on this site are copyrighted ©.