2014-05-27 15:19:03

Кардынал Дзяржсакратар пра вынікі падарожжа Папы ў Святую Зямлю


RealAudioMP3 На шляху экуменізму ўжо многае было зроблена, але патрэбны новы энтузіязм у імкненні да адзінства хрысціян. Сустрэча Францішка з Барталамеем І і супольная малітва ў базыліцы Гробу Пана могуць стаць новым экуменічным імпульсам для ўсяго Касцёла. На гэта звярнуў увагу кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, які суправаджаў Папу ў яго пілігрымцы ў Святую Зямлю. “Я перакананы, што гэта выключнае экуменічнае спатканне ля магілы Езуса можа стаць істотным стымулам для далейшага дыялогу. Думаю, што мы павінны знайсці новы энтузіязм на шляху экуменізму. Шмат што ўжо было зроблена пачынаючы з ІІ Ватыканскага Сабору і сустрэчы Паўла VI з Афінагорам 50 гадоў таму. Аднак трэба абнавіць сэрцы і з мужнасцю працягваць ісці па гэтым шляху. Гэта дарога адзінства, якой Езус жадае для свайго Касцёла. Таму я спадзяюся, што з гэтай сустрэчы народзіцца новы экуменічны імпульс для ўсяго Касцёла”, - сказаў кардынал Паралін.

Дзяржсакратар Яго Святасці звярнуў увагу на вялікае значэнне малітвы Папы, якая становіцца сілай міру і адзінства. “Я думаю, што Пантыфік хоча нагадаць нам пра сілу малітвы перад абліччам цяжкіх сітуацый, якіх не ў стане вырашыць палітычныя і дыпламатычныя ініцыятывы”, - сказаў кардынал Паралін. Ён адзначыў, што малітва можа аб’яднаць сэрцы і мабілізаваць да прыняцця смелых рашэнняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.