2014-05-26 15:53:05

Папа да святароў і законнікаў: працягваць ісці за Езусам нягледзячы на нашы слабасці, памылкі і здрады


RealAudioMP3 Пасля кароткага прыватнага візіту да Патрыярха Канстантынопальскага, які прыходзіў у царкве на Аліўнай гары, папа Францішак прыбыў на сустрэчу з святарамі, законнікамі і семінарыстамі, што навучаюцца і нясуць служэнне ў Святой Зямлі. Яна праходзіла ў касцёле, які знаходзіцца ў Гефсіманскім садзе. Паводле Пантыфіка, “у гэту ўнутраную прастору, дзе вяршылася драма свету”, трэба ўваходзіць з адмысловай пашанай, “амаль на пальчыках”. Менавіта ў Гефсіманскім садзе “наследаванне Хрыста становіцца складаным і нявызначаным; тут пераважаюць сумневы, стомленасць і страх”. “Ва ўмовах блізкасці мукі Езуса, вучні па-рознаму пачынаюць адносіцца да Настаўніка – ёсць салідарнасць, адыход, няўпэўненасць”, - заўважыў Францішак. Ён запрасіў усіх пакліканых – біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб, семінарыстаў – паставіць сабе пытанне: “Хто я ў адносінах да майго пакутуючага Пана? Ці належу да тых, хто, запрошаны Езусам чуваць з Ім, засынае і замест малітвы спрабуе ўцячы, заплюшчваючы вочы на рэальнасць?”.

Папа нагадаў, што сяброўства Езуса адносна пакліканых, Яго вернасць і міласэрнасць, з’яўляюцца бясцэнным дарам, які “заахвочвае працягваць з упэўненасцю ісці за Ім, нягледзячы на нашы слабасці, нашы памылкі, і нашы здрады”. “Але дабрыня Пана не вызваляе нас ад пільнасці супраць спакушальніка, граху, зла і здрады, якія можна сустрэць таксама і ў святарстве, і ў манаскім жыцці”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што Бог “у сваёй вялікай дабрыні і бясконцай міласэрнасці заўсёды бярэ нас за руку, каб мы не патанулі ў моры панікі. Ён заўсёды ля нас, ніколі не пакідае нас у адзіноце”. Ён заклікаў святароў, законнікаў і семінарыстаў не быць пераможанымі страхам і роспаччу, але з мужнасцю і ўпэўненасцю ісці наперад па сваім шляху і ў сваёй місіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.