Святы Айцец падчас сустрэчы з эмігрантамі: няхай спыніцца насілле і паважаецца гуманітарнае
права
Падчас сустрэчы з
эмігрантамі і інвалідамі ў Бэтаніі 24 мая 2014 г. вечарам Святы Айцец прызнаўся, што
падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю для яго вельмі важнай была сустрэча менавіта з гэтай
групай асоб. Месца спаткання, узбярэжжа ракі Ярдан, дзе Езус атрымаў хрост, нагадвае
аб вяртанні годнасці кожнаму чалавеку і яго пакліканні да збаўлення, звярнуў увагу
Францішак. Хрыстус зрабіў гэта праз сваю пакору і ўвагу да чалавечых ранаў. Такімі
ранамі сучаснасці з’яўляюцца канфлікты на Блізкім Усходзе, у першую чаргу, у Сірыі,
у выніку якіх мільёны людзей сталі бежанцамі, вялікую частку якіх прыняла Іарданія.
Святы Айцец падзякаваў мясцовым уладам і народу за адкрытасць. Ён адзначыў падтрымку
і салідарнасць з боку шматлікіх дабрачынных арганізацый, у тым ліку касцёльных. Пантыфік
звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам “не пакідаць Іарданію ў яе барацьбе
з гуманітарным крызісам, выкліканым прыходам на яе тэрыторыю такой вялікай колькасці
бежанцаў”. Францішак чарговы раз заклікаў да міру ў Сірыі. “Няхай спыніцца насілле,
няхай паважаецца гуманітарнае права, каб аказаць неабходную дапамогу пацярпеламу насельніцтву!
Няхай усе адмовяцца ад жаданняў з дапамогай зброі вырашаць праблемы, і няхай адбудзецца
вяртанне на шлях перамоў!”, - сказаў Святы Айцец. Ён нагадаў, што “рашэнне можа прыйсці
выключна праз дыялог і абмежаванне прэтэнзій, праз спачуванне да тых, хто пакутуе,
пошук палітычнага рашэння і пачуццё адказнасці ў адносінах да братоў”.
Папа
заклікаў моладзь да малітвы за мір і ахвяравання ў яго інтэнцыі штодзённай працы.
Ён запрасіў маладых людзей да будавання грамадства, якое будзе паважаць найбольш слабых,
хворых, дзяцей і пажылых людзей.
На заканчэнне сустрэчы Францішак яшчэ раз
заклікаў, каб заўсёды перамагалі разумнасць і разважлівасць, і каб з дапамогай міжнароднай
супольнасці Сірыя знайшла шлях да міру. “Няхай Бог прывядзе да навяртання людзей,
якія звяртаюцца да насілля, і тых, хто мае планы вайны, і ўмацуе сэрцы і розум будаўнікоў
спакою і ўзнагародзіць ім усялякім благаслаўленнем”, - сказаў Папа.